Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі плануецца забяспечыць поўнае адкрыццё пазабіржавога валютнага рынку



Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка па выніках пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка.

У далейшым плануецца забяспечыць поўнае адкрыццё пазабіржавога валютнага рынку, а таксама змяненне рэжыму біржавых таргоў на бесперапынны двайны аўкцыён. 

У бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне аб зняцці абмежаванняў на ажыццяўленне куплі-продажу замежнай валюты на пазабіржавым валютным рынку, дадалі ва ўпраўленні. 

Характарызуючы курсавую палітыку на 2015 год, у Нацбанку адзначылі: "Яна будзе садзейнічаць згладжванню рэзкіх ваганняў абменнага курса беларускага рубля, пры гэтым захаваюцца строгія падыходы да выкарыстання золатавалютных рэзерваў для правядзення валютных інтэрвенцый".

Што да працэнтнай палітыкі, то ў 2015 годзе яна будзе мець антыінфляцыйную накіраванасць. "Для гэтага працэнтныя стаўкі будуць падтрымлівацца дадатнымі ў рэальным выражэнні, а таксама будзе забяспечвацца перавышэнне даходнасці зберажэнняў у беларускіх рублях над валютнымі зберажэннямі", - растлумачылі ва ўпраўленні Нацбанка.

Акрамя таго, у бягучым годзе будуць падтрымлівацца аднолькавыя ўмовы функцыянавання для ўсіх банкаў, у тым ліку ў частцы доступу да аперацый рэфінансавання і фарміравання фонду абавязковых рэзерваў, што пасадзейнічае развіццю канкурэнцыі.

Нараўне з мерамі па забеспячэнні манетарнай стабільнасці Нацбанк будзе ўдзяляць пільную ўвагу ўстойліваму і бяспечнаму функцыянаванню банкаўскага сектара. Пры неабходнасці будуць прымацца меры контрцыклічнага рэгулявання, падкрэслілі ва ўпраўленні.

30 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/257/29384
Текущая дата: 02.06.2024