Пра гэта сведчаць статданыя Нацыянальнага банка.
За першы квартал, паводле звестак рэгулятара, насельніцтва купіла наяўнай замежнай валюты на 1 млрд. 190,5 млн. долараў, прадало — на 1 млрд. 463,8 млн. долараў.
Пры гэтым у сакавіку насельніцтва купіла наяўнай замежнай валюты на 415,7 млн. долараў, прадало — на 659,5 млн. долараў. Такім чынам, у сакавіку насельніцтва прадало наяўнай замежнай валюты на 243,8 млн. долараў больш, чым купіла.
Варта адзначыць, што ў лютым насельніцтва таксама выступала чыстым прадаўцом замежнай валюты (фізасобы прадалі на наяўным рынку валюты на 66,7 млн. долараў больш, чым купілі). У студзені насельніцтва выступала чыстым пакупніком замежнай валюты (купіла валюты на наяўным рынку на 37,2 млн. долараў больш, чым прадало).
Нагадаем, у снежні 2014 года ў Беларусі назіраўся ажыятажны попыт (з боку насельніцтва) на замежную валюту. У сувязі з гэтым улады ўвялі з 19 снежня 30-працэнтны валютны збор, які абавязаны былі выплачваць фізічныя і юрыдычныя асобы пры куплі замежнай валюты.
У канцы 2014 года і пачатку 2015-га Нацбанк паступова зніжаў валютны збор і адначасова з гэтым павышаў афіцыйны курс замежных валют. У выніку дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася на мяжы 2014—2015 гадоў, курс долара ў краіне вырас прыкладна на 40%, што прывяло да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва.
У эквіваленце сярэдняя зарплата склала ў лютым 2015 года 406 долараў. У параўнанні са студзенем 2015 года яна знізілася на 13 долараў, у параўнанні з лютым 2014-га — амаль на 150 долараў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 8 красавіка 2015
Мінск, 8 красавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/257/30419
Текущая дата: 15.11.2024