Эўракамісія 22 красавіка плянуе абвясьціць антыманапольныя абвінавачваньні супраць расейскай кампаніі «Газпром». Гаворка ідзе пра парушэньне правілаў канкурэнцыі ў Эўразьвязе.
Цягам трох гадоў Брусэль праводзіць расьсьледаваньне трох абвінавачваньняў супраць «Газпрома» — гэта блякаваньне кампаніяй рээкспарту газу краінамі, якія яго ўжо купілі, прывязка цаны газу да цаны нафты, а таксама блякаваньне альтэрнатыўных крыніцаў сыравіны.
У Эўразьвязе мяркуюць, што «Газпром» перашкаджаў канкурэнцыі на газавых рынках Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, дзе ён дамінуе.
«Газпром» будзе мець 12 тыдняў, каб адказаць на абвінавачваньні і ўрэгуляваць супярэчнасьці з афіцыйнымі органамі Эўразьвязу.
Камісія па выніках расьсьледаваньня мае права спагнаць штрафы ў памеры да 10% агульнага аб’ёму продажаў або зьмяніць умовы вядзеньня бізнэсу кампаніяй, у дачыненьні да якой вядзецца расьсьледаваньне.
Расея пастаўляе каля траціны газу, які спажываецца ў Эўразьвязе.
Радыё Свабода
22 красавіка 2015, Менск
Радыё Свабода
22 красавіка 2015, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/257/30668
Текущая дата: 28.12.2024