Белорусский портал в Казахстане

На выставе нерухомасці ў Каннах адбылася прэзентацыя магчымасцяў сталіцы Беларусі



11 сакавіка ў межах Міжнароднай выставы камерцыйнай нерухомасці і інвестыцый MIPIM-2015, што праходзіць у Каннах, адбылася прэзентацыя Мінска.

Як паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі, тэматычны стэнд на выставе арганізаваны беларускай будаўнічай кампаніяй "Зомекс Інвестмент" і прадстаўляе да ўвагі ўдзельнікаў MIPIM-2015 знакавыя праекты, якія гэтая фірма рэалізуе цяпер у беларускай сталіцы — "Маяк Мінска" і "Мінск-Мір".

На прэзентацыі выступіў пасол у Францыі Павел Латушка. "Для інвестыцый у нерухомасць вялікія магчымасці адкрывае сталіца Беларусі, якая мае ўсе перадумовы для таго, каб стаць буйным дзелавым цэнтрам. Дынамічнае развіццё Мінска ў апошнія гады з`яўляецца яркім гэтаму пацвярджэннем", — сказаў беларускі дыпламат.

Ён таксама расказаў пра іншыя праекты, якія намечана рэалізаваць у беларускай сталіцы: адміністрацыйна-камерцыйны комплекс "Залатыя аблокі", спартыўна-забаўляльны і гандлёва-культурны комплексы, шматфункцыянальны забаўляльны цэнтр з гасцініцай, офісамі і падземнай стаянкай, спартыўныя збудаванні, паркінгі.

Паведамляецца, што пасля завяршэння прэзентацыі пасол правёў перамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі з Іспаніі, Сербіі, Францыі і Чарнагорыі.

Даведка БелаПАН. Выстава MIPIM з`яўляецца адным з найбуйнейшых мерапрыемстваў у сферы камерцыйнай нерухомасці і інвестыцый у Еўропе і традыцыйна збірае найбольш уплывовых гульцоў розных сектараў міжнароднага рынку нерухомасці: офісы, жыллё, гандаль, медыцына, спорт, лагістыка і прамысловасць. 

На MIPIM-2015 прадстаўлена каля 200 сталічных гарадоў і буйных агламерацый з 90 краін. Плануецца, што мерапрыемства наведае больш за 20 тыс. чалавек.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 12 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/260/30065
Текущая дата: 15.11.2024