Распрацоўшчыкам праекта нарматыўна-прававога акта выступае Міністэрства эканомікі.
Дакумент прадугледжвае стварэнне роўных умоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і забеспячэнне "далейшага развіцця добрасумленнай канкурэнцыі суб`ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці".
Для вырашэння гэтай задачы праект дырэктывы вызначае шэраг мер. Распрацоўшчыкі, у прыватнасці, прапаноўваюць "выключыць неабгрунтаванае ўмяшанне органаў дзяржаўнага кіравання ў працэс цэнаўтварэння суб`ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, за выключэннем часовага ўвядзення рэгулявання ў форс-мажорных сітуацыях".
Падрыхтаваны праект дырэктывы "Аб дадатковых мерах па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой ініцыятывы" быў распрацаваны па даручэнні першага віцэ-прэм`ера Беларусі Васіля Мацюшэўскага.
Папярэдняя версія дакумента з амаль аналагічнай назвай ("Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь") была прынятая ў канцы 2010 года. У дзелавых колах яна вядомая як "дырэктыва аб лібералізацыі".
Дакумент чатырохгадовай даўнасці прадугледжваў захаванне дзяржаўнага рэгулявання цэн "толькі на прадукцыю арганізацый-манапалістаў і сацыяльна значныя тавары (работы, паслугі), што вызначаюць жыццёвы ўзровень насельніцтва".
У новай рэдакцыі дырэктывы, распрацаванай Мінэканомікі, прысутнічае таксама згаданы вышэй пункт пра магчымае дзяржрэгуляванне цэн "у форс-мажорных сітуацыях".
Нагадаем, 19 снежня мінулага года ўрад Беларусі на фоне росту курсу долара прыняў пастанову № 1207, якая ўстанавіла фактычную забарону на павышэнне цэн на спажывецкім рынку. Магазіны, у якіх фіксаваліся факты павышэння цэн у снежні 2014-га і пачатку гэтага года, масава закрываліся Міністэрствам гандлю.
У сярэдзіне студзеня дзяржорганы прынялі рашэнне дазволіць павышэнне цаны на імпартны тавар на велічыню змянення курсу долара. Аднак гэта рэкамендацыя распаўсюджваецца цяпер толькі на той імпартны тавар, які быў пастаўлены ў Беларусь пасля 18 снежня 2014 года.
19 лютага Мінгандлю і Мінэканомікі апублікавалі новае растлумачэнне да пастановы № 1207 і новыя рэкамендацыі, у выпадку выканання якіх да прадпрыемстваў не будуць прымененыя меры адказнасці, прадугледжаныя снежаньскай пастановай.
У прыватнасці, з 20 лютага вытворцы могуць павышаць адпускныя цэны (тарыфы) на велічыню змянення кошту сыравіны і матэрыялаў, камплектуючых, тары і ўпакоўкі, якія паступілі пасля 18 снежня.
Разам з тым, паводле інфармацыі БелаПАН, дзейны цэнавы кантроль аказвае вельмі негатыўны ўплыў на фінансавае становішча тых кампаній, якія атрымалі тавар да 18 снежня. Імпарцёры не могуць павышаць цэны на тавар, які паступіў да іх да 18 снежня, але продаж тавару па цэнах, якія дзейнічалі да дэвальвацыі беларускага рубля, вядзе да вялікіх страт.
У такой сітуацыі, напрыклад, апынулася кампанія "Белбагемія". Кампанія займаецца аптовым гандлем, яе асартыментны пералік тавараў перавышае 15 тысяч найменняў. У студзені, не маючы магчымасці павышаць цэны на раней атрыманую (да 18 снежня) прадукцыю, кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне прыпыніць адгрузкі тавараў і адправіла работнікаў у сацыяльныя адпачынкі.
Паводле меркавання беларускіх бізнес-асацыяцый, адміністрацыйны кантроль за цэнамі на спажывецкім рынку негатыўна адбіваецца на дзелавым клімаце ў краіне. У сувязі з гэтым прадпрымальніцкія саюзы ў студзені звярталіся з калектыўным лістом у органы ўлады і прасілі адмяніць дзеянне пастановы № 1207.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 23 лютага 2015
Мінск, 23 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/262/29813
Текущая дата: 15.11.2024