Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі хутка прадставяць доследны ўзор айчыннага электрамабіля



Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў у час Дня электратранспарту ў Мінску.

"Мы вядзём работу па напрамку ўласнага электрамабіля. Вельмі хутка будзем гатовы прадставіць і паказаць уласную распрацоўку", - адзначыў Аляксандр Агароднікаў.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне журналістаў, першы намеснік міністра расказаў, што мадэль айчыннага электрамабіля будзе гатова ў гэтым годзе.

Ён таксама падзякаваў Міністэрству энергетыкі за традыцыю правядзення Дня электратранспарту. "На кожнай наступнай выстаўцы дэманструюцца ўсё новыя ўзоры электрычнага транспарту. Усе прывыклі, што наша прамысловасць традыцыйна прадстаўляе электробусы, тралейбусы, трамваі. Але мы не стаім на месцы. Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы развіцця электратранспарту ўключае ў тым ліку работу па развіцці кампанентнай базы. І нам вельмі прыемна гаварыць аб тым, што ў нашым пасажырскім электратранспарце становіцца ўсё больш айчынных складнікаў. І мы не адчуваем неабароненасці, нягледзячы на дзеянні нашых недружалюбных партнёраў", - падкрэсліў Аляксандр Агароднікаў.

Яшчэ адзін актуальны напрамак - развіццё электрагрузавікоў. "Два нашы прадпрыемствы - "Белкамунмаш" і МАЗ - працуюць у гэтым напрамку. Яны маюць доследныя мадэлі, якія праходзяць рэальную абкатку ва ўмовах эксплуатацыі спажыўцамі", - дадаў першы намеснік міністра.

Дзень электратранспарту праходзіць на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Удзельнікамі мерапрыемства з`яўляюцца прамысловыя прадпрыемствы, навуковыя арганізацыі і кампаніі-імпарцёры электрамабіляў. На выстаўцы прадстаўлены ўсе віды электратранспарту, у тым ліку папулярныя мадэлі легкавых электрамабіляў і навінкі рынку, новыя мадэлі беларускіх электробусаў і электрагрузавікоў. У складзе выстаўкі таксама электраматацыклы і электравеласіпеды айчыннай вытворчасці. У праграме мерапрыемства - тэст-драйвы электрамабіляў, інтэрактыўныя пляцоўкі, конкурсы і розыгрышы і інш.

Арганізатарам Дня электратранспарту выступае Міністэрства энергетыкі сумесна з ВА "Беларуснафта" пры падтрымцы Мінгарвыканкама.

9 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/27/69656
Текущая дата: 25.12.2024