Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з місіяй Міжнароднага валютнага фонду ва ўрадзе.
Беларусь завершыць 2014 год з эканамічным ростам. Зразумелы і цалкам разлічаны прагноз плацежнага балансу на наступны год. "Работа з фондам нам, безумоўна, патрэбная і важная. Перш за ўсё з пункту гледжання міжнароднага іміджу і падтрымкі той праграмы структурных рэформ, якія мы намецілі і рэалізуем разам з Нацыянальным банкам", - сказаў прэм`ер-міністр.
У Беларусі разлічваюць, што далейшая работа з МВФ, садзейнічанне фонду ў выкананні гэтай праграмы праз адпаведную краінавую праграму дасць магчымасць нарасціць аб`ёмы, маштабы структурных рэформ і скараціць тэрміны іх рэалізацыі. Для беларускага боку вельмі важная канкрэтыка ў адносінах з Міжнародным валютным фондам. У 2009 і 2010 гадах Беларусь атрымала па праграме стэнд-бай МВФ $3,4 млрд, з іх выплачана $3 млрд 140 млн. "Ва ўстаноўленыя тэрміны разлічымся поўнасцю, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Усё, аб чым мы дамаўляліся, і мае папярэднікі, мы выконваем нават ва ўмовах глабальнага крызісу".
Прэм`ер-міністр падкрэсліў, што гэтыя лічбы даказваюць у тым ліку здольнасць эканомікі Беларусі забяспечваць устойлівае бягучае развіццё і разлічвацца па даўгах. "У нас эканамічны рост. Няхай невялікі, але ён ёсць, і мы забяспечваем разлікі па старых пазыках, дзякуючы дзеянням нашага Прэзідэнта, намаганням урада, Нацыянальнага банка і менеджменту нашых прадпрыемстваў", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Ён азнаёміўся з праектам заключнай заявы МВФ і падрабязна спыніўся на некаторых ключавых пытаннях эканамічнай палітыкі, каб даць дадатковыя растлумачэнні экспертам МВФ. Так, кіраўнік урада ахарактарызаваў новыя падыходы па фарміраванні і рэалізацыі дзяржаўных праграм. Місія МВФ магла пераканацца, што яны якасна ўдасканалены. Доля субсідзіраванага крэдытавання ў эканоміцы Беларусі паступова зніжаецца.
Прэм`ер-міністр звярнуў увагу, што за 9 месяцаў 2014 года рэальны рост зарплаты адпавядае тэмпам росту прадукцыйнасці працы: "І гэтага мы дасягнулі ўпершыню. І так будзе і ў далейшым. Таму пасыл пра індэксацыю зарплат на ўзровень інфляцыі, які выкладзены ў заключэнні, мы лічым, з`яўляецца некарэктным. Статыстыка гэта пацвярджае".
Кіраўнік урада праінфармаваў місію аб падыходах па зніжэнні перакрыжаванага субсідзіравання, паслядоўнай рэалізацыі праграмы структурных рэформ. "Мы будзем паслядоўна рэалізоўваць тое, што намецілі", - заявіў Міхаіл Мясніковіч.
Як паведамлялася, місія МВФ на чале з намеснікам начальніка аддзела краін Паўночна-Усходняй Еўропы Еўрапейскага дэпартамента Дэвідам Хофманам прыбыла ў Беларусь для вывучэння магчымасцей падрыхтоўкі новай краінавай праграмы.
Беларусь рэгулярна выконвае свае абавязацельствы па крэдыце стэнд-бай МВФ, чарговае пагашэнне асноўнага доўгу ў памеры 54,7 млн СДР, што эквівалентна $81,7 млн, адбылося 23 кастрычніка. Большая частка абавязацельстваў ужо выканана, у наступным годзе Беларусь выплаціць апошні транш.
Праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам МВФ на $3,5 млрд, Беларусь рэалізавала са студзеня 2009 года па красавік 2010-га. Гэта дало магчымасць краіне забяспечыць дадатную дынаміку па шэрагу пазіцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.
З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сістэмных трансфармацый - $217,2 млн і па механізме стэнд-бай - $77,4 млн. У лютым 2005 года Беларусь поўнасцю пагасіла названыя крэдыты МВФ.
Дзейнасць МВФ у Беларусі накіравана на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасці плацежнага балансу.
Міжнародны валютны фонд - спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША). Афіцыйная дата стварэння МВФ - 27 снежня 1945 года. Беларусь з`яўляецца членам МВФ з 1992 года, яе квота на пачатак 2013 года была роўная 386,4 млн СДР ($542,1 млн).
28 кастрычніка 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА
28 кастрычніка 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/277/27898
Текущая дата: 29.12.2024