Белорусский портал в Казахстане

Расейцы сасьлізгваюць у кітайскую даўгавую пастку



Гэтак піша чэскі эканамічны штодзёньнік Hospodářské noviny, камэнтуючы рашэньне дзяржаўнай кампаніі «Роснефть» прадаць долю ў адным з найбуйнейшых расейскіх нафтавых радовішчаў, Ванкорскім, кітайскай кампаніі CNPC.

Пра гэты праект ў панядзелак паведаміў асабіста прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. «Мы агулам вельмі акуратна падыходзім да допуску нашых замежных партнэраў, але, вядома ж, для нашых кітайскіх сяброў абмежаваньняў няма», — сказаў Пуцін.

Ужо ад 2006 году «Роснефть» мае саўладальнікам радовішча ва Ўдмуртыі іншую кітайскую кампанію, Sinopec. Але радовішча Ванкор, пра якое ідзе гаворка гэтым разам, новае і вельмі выгаднае. Расея ўклала ў яго больш за пяць мільярдаў даляраў, таму кітайцы прыходзяць на гатовае. Але «Роснефть» мае патрэбу ў грошах. Перш за ўсё, для таго, каб выканаць свае абавязаньні перад кітайскай CNPC.

Гэтыя абавязаньні зьяўляліся паступова, у той час калі «Роснефть» не магла атрымаць грошы на заходніх рынках. Упершыню ў 2004 годзе, калі кітайскія кампанія пазычыла шэсьць мільярдаў даляраў, каб «Роснефть» магла купіць толькі што ліквідаваную нафтавую кампанію ЮКОС. Заходнія банкі не хацелі мець з гэтым нічога агульнага. Узамен Кітай атрымаў кантракт на пастаўкі нафты, паводле якога Масква прадавала тону нафты на $40 таньней, чым Захаду.

У 2009 годзе кітайцы далі кампаніям «Роснефть» і «Транснефть» $25 мільярдаў у абмен на кантракт на пастаўкі нафты да 2030 году. А ў 2013 годзе «Роснефть» набыла кампанію ТНК-ВР, што значна абцяжарыла яе доўгам. «На дапамогу зноў прыйшлі кітайцы, якім „Роснефть“ у якасьці закладу дала значную частку сваёй здабычы на 25 гадоў наперад, у тым ліку нафты з радовішчаў, дзе выведка яшчэ ня скончана,» — цытуюць Hospodářské noviny партнэра кансалтынгавай фірмы RusEnergy Міхаіла Круціхіна. «Роснефть» наўзамен атрымала $70 мільярдаў даляраў.

Гэта мае важнае значэньне для кампаніі «Роснефть», бо ў 2015 ёй трэба плаціць частку сваіх даўгоў, і яна можа скрарыстаць для гэтага кітайскія грошы. «Праз дваццаць гадоў мы можам пабачыць, што ўся нафта належыць кітайцам — і ўсё гэта ў межах барацьбы з залежнасьцю ад Захаду», — папярэджвае Круціхін.

***

У жніўні кампанія «Роснефть» зьвярнулася да расейскага ўраду з просьбай пазычыць ёй з фонду нацыянальнага дабрабыту 1,5 трыльёна рублёў. Неабходнасьць такой дапамогі прэзыдэнт кампаніі Ігар Сечын патлумачыў уведзенымі супраць кампаніі санкцыямі ЗША.

19 ліпеня Міністэрства фінансаў ЗША забараніла амэрыканскім кампаніям, банкам і грамадзянам, а таксама ўсім, хто вядзе апэрацыі праз ЗША, прадстаўляць «Роснефти», «Новатеку» «Газпромбанку» і «Внешэкономбанку» крэдыты і пазыкі больш, чым на 90 дзён, а таксама акцыянэрнае фінансаваньне.

Радыё Свабода, 3 верасьня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/278/27444
Текущая дата: 15.11.2024