Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Пабудаваць порт трэба хутка і з мінімальнымі выдаткамі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым выказаўся наконт будаўніцтва партоў для беларускіх грузаў у Бронцы і Мурманску.

«Мы вельмі шмат цяпер работ праводзім, вы ведаеце, па фармаванні лагістыкі праз ваш горад. Мы будуем інфраструктуру лагістычную, заняліся будаўніцтвам партоў у вас і ў Мурманску. Але ў Бронцы ўжо працуе порт. Мы маем намер яго пашыраць, тут пытанняў у нас няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вельмі сур’ёзна будзем развіваць супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам», — дадаў беларускі лідар.

У Санкт-Пецярбургу рэалізуецца праект па развіцці кантэйнерных перавозак праз порт Бронка. Плануецца перанакіраваць праз парты горада каля 7 млн т беларускіх грузаў. Агульная ёмістасць Бронкі ў перспектыве больш за 20 млн т грузаў у год (цяпер амаль 10 млн т). Таксама рыхтуюцца праекты па мадэрнізацыі вядучых у порт чыгунак.

У пачатку гэтага года Прэзідэнт на нарадзе па экспарце беларускіх тавараў запатрабаваў фарсіраваць будаўніцтва беларускіх партоў у Расіі. Ён адзначыў, што ў сувязі са спробамі задушыць Беларусь летась санкцыямі была парушаная лагістыка, якая ўсталявалася. Прыйшлося шукаць новыя лагістычныя шляхі.

«Трэба будзе абмеркаваць і гэтыя пытанні. Прынамсі тое, што вы прасілі мяне вырашыць на ўзроўні прэзыдэнта Расійскай Фэдэрацыі для таго, каб былі адкрытыя для нас парты, я мяркую, што ўсе пытанні вырашаныя. Пытанне застаецца за малым — пачынаць грузіць у гэтых партах. Хоць нешта мы ўжо пачалі грузіць. Трэба хутчэй будаваць гэтыя парты, даводзіць да пэўнага ўзроўню і гандляваць ужо праз уласныя парты».

Раней, у жніўні 2022 года, кіраўнік дзяржавы правёў нараду па стварэнні партовых магутнасцяў для экспарту беларускай прадукцыі. Гаворка ішла ў тым ліку аб кошце і тэрмінах будаўніцтва, акупнасці і магчымых рызыках. «Пабудаваць порт трэба хутка і з мінімальнымі выдаткамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, для Беларусі цяпер выпаў добры шанец стварыць уласную партовую інфраструктуру. «Пра што мы, увогуле, даўно марылі. Расійская Федэрацыя адкрыла для нас дзверы на ўсіх узроўнях. Прынамсі, з боку прэзідэнта Расіі, з якім я вёў і вяду перамовы па гэтых пытаннях, перашкод ніякіх няма, выключная падтрымка. Ці так гэта на вашым узроўні, я хацеў бы сёння пачуць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«У нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца тая ці іншая інфраструктура ў нейкім порце. Гаворка ідзе сёння перш за ўсё аб паўночна-заходнім рэгіёне Расійскай Федэрацыі. Прэзідэнт Расіі асабіста паказаў мне ўсе парты Піцера і вакол яго (ён ведае гэта дасканала) і прапанаваў: выбірайце любы кірунак. Але я яму сказаў, нам ужо сёння трэба грузіць. Кажа: любую кропку і пачынайце грузіць. Таму (я так вобразна часта кажу) пакуль будзем будаваць — мяшкамі будзем грузіць. Натуральна, 12 мільёнаў тон і больш мяшкамі не загрузіш, але, тым не менш, гэта сведчыць аб тым, што мы ўжо сёння павінны літаральна на кожным свабодным квадратным метры расійскіх партоў грузіць свае тавары», — падкрэсліў беларускі лідар.

Звязда, 20 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/28/69209
Текущая дата: 16.11.2024