Белорусский портал в Казахстане

IFC падвоіла аб`ём інвестыцый у Беларусі



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе рэгіянальнага прадстаўніцтва IFC ва Украіне і Беларусі.

Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC), член групы Сусветнага банка, падвоіла аб`ём інвестыцый у Беларусі за мінулы фінансавы год, садзейнічаючы павелічэнню знешняга гандлю і паляпшаючы доступ да фінансавання як беларускім экспарцёрам, так і іншым малым і сярэднім прадпрыемствам.

На працягу 2014 фінансавага года, які завяршыўся 30 чэрвеня, IFC выдзеліла Беларусі рэкордны аб`ём капіталаўкладанняў — 158 мільёнаў долараў уласных сродкаў, што амаль у два разы перавышае ўзровень інвестыцый у папярэднія 12 месяцаў — 80 мільёнаў долараў.

"У нас быў добры год у Беларусі. Намаганні IFC у сферы падтрымкі развіцця прыватнага сектара краіны былі засяроджаныя на паляпшэнні доступу да фінансавання для мясцовых вытворцаў, павышэнні іх канкурэнтаздольнасці і далейшым пашырэнні знешняга гандлю, якія з`яўляюцца найважнейшымі ўмовамі доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця", — адзначыў Руфат Алімарданаў, кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва IFC ва Украіне і Беларусі.

У 2014 фінансавым годзе IFC выдзеліла 137 мільёнаў долараў пяці беларускім банкам у межах Глабальнай праграмы гандлёвага фінансавання (GTFP), якая пашырае доступ да фінансавых сродкаў для кампаній і скарачае рызыкі мясцовых банкаў. Рэалізацыя GTFP была распачатая ў Беларусі ў 2009 годзе. На сёння Міжнародная фінансавая карпарацыя выдзеліла беларускім банкам гарантый на агульную суму 350 мільёнаў долараў.

Акрамя таго, IFC выдала крэдыт у 7 мільёнаў долараў "Беларускаму народнаму банку" з мэтай дапамагчы малым і сярэднім прадпрыемствам атрымаць лепшы доступ да фінансавання.

Сярод іншых ініцыятыў IFC — пазыковае фінансаванне на 13 мільёнаў долараў, дадзенае кампаніі "Ізабуд", вядучаму вытворцу сэндвіч-панэляў у Беларусі, каб падтрымаць яго праграму развіцця і мадэрнізацыі.

"IFC таксама рэалізуе ў Беларусі кансультатыўную праграму, факусуючы намаганні на паляпшэнні ўмоў для вядзення бізнесу і інвестыцыйнага клімату, і праграму дапамогі мясцовым кампаніям ва ўкараненні міжнародных стандартаў", — адзначылі ў прадстаўніцтве.

У мінулым фінансавым годзе IFC працягнула падтрымку беларускіх вытворцаў, садзейнічаючы ў адкрыцці новых рынкаў і павышэнні канкурэнтаздольнасці дзякуючы паляпшэнню практыкі кіравання харчовай бяспекай. Так, IFC падпісала пагадненне з сеткай універсамаў "Рублёўскі" аб аказанні кансультатыўных паслуг у сферы харчовай бяспекі, што стала першым інтэграваным праектам, які аб`яднаў як фінансаванне, так і кансультатыўныя паслугі ў сектары рознічнага гандлю Беларусі.

Агульны аб`ём інвестыцый IFC у рэгіён Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў 2014 фінансавым годзе дасягнуў рэкорднай адзнакі 4,7 мільярда долараў у 117 праектаў, уключаючы 1,2 мільярда долараў у выглядзе мабілізаваных сродкаў ад партнёраў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 жніўня 2014


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/282/26993
Текущая дата: 15.11.2024