Белорусский портал в Казахстане

Мясніковіч: Традыцыйная мадэль развіцця прамысловасці сябе вычарпала



Аб неабходнасці прыняцця "рашучых мер па аздараўленні і глыбокай рэструктурызацыі прамысловага комплексу" заявіў 20 траўня на пасяджэнні Савета міністраў Беларусі прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

"Вынікі мінулага года і чатырох месяцаў гэтага сведчаць аб тым, што традыцыйная мадэль развіцця прамысловага комплексу вычарпала сябе", — цытуе прэм`ера дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як адзначыў Мясніковіч, калі ў будаўніцтве, АПК і ЖКГ створаны міжведамасныя групы, якія распрацоўваюць меры па ўдасканаленні дзейнасці гэтых галін, то ў прамысловасці — вядучай галіне краіны — такога няма, хоць сітуацыя тут больш складаная.

"Мінпрам імкліва страчвае пазіцыі: яго доля ў агульным аб`ёме прамысловай вытворчасці зніжаецца. За тры пяцігодкі яна скарацілася на 5,5 працэнтнага пункта (з 20,3% да 14,8%), за чатыры месяца гэтага года ўпала яшчэ на 2 працэнтныя пункты — да 12,8%", — сказаў Мясніковіч.

Акрамя таго, дадаў ён, доля прадпрыемстваў Мінпрама ў агульным аб`ёме прамвытворчасці зраўнялася з доляй прамысловых прадпрыемстваў сістэмы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Неабходна "тэрміновае комплекснае выпраўленне сітуацыі", заявіў кіраўнік урада і даручыў свайму першаму намесніку Уладзіміру Сямашку арганізаваць адпаведную працу. Канцэптуальныя падыходы па вырашэнні праблем у прамысловасці павінны быць разгледжаныя прэзідыумам Саўміна не пазней за чэрвень і ўлічаныя ў планах на 2015 год.

Паводле слоў Мясніковіча, найперш неабходна звярнуць увагу на ўдасканаленне сістэмы кіравання і зніжэнне затрат. "Холдынгі, на якія рабілі стаўку, рэальна пакуль яшчэ не пачалі працаваць", — прызнаў прэм`ер. Прычынай таму, паводле яго меркавання, з`яўляецца няправільны падыход да іх стварэння: часта гаворка ідзе толькі пра механічнае аб`яднанне некалькіх прадпрыемстваў.

Мясніковіч паведаміў, што ўрад ужо ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы праект указа, які прадугледжвае значныя змяненні ва ўмовах функцыянавання холдынгаў. Прэм`ер папрасіў кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта аказаць садзейнічанне ў прыняцці гэтага дакумента. У прыватнасці, як лічыць Мясніковіч, "з 1 студзеня 2015 года трэба ўкараніць у холдынгах прынцып кансалідаванага плацельшчыка — вызваліць унутраныя абароты ад падаткаў".

"Савету міністраў патрабуецца прыняцце аператыўных і сістэмных мер, каб расшываць вузкія месцы ў эканамічным развіцці. Пакуль урад так працаваць не можа. Па шматлікіх відавочных пытаннях рашэнні не прымаюцца даволі доўга, усё гразне ва ўзгадненнях, сумненнях", — канстатаваў прэм`ер-міністр і заклікаў урад больш аператыўна вырашаць пытанні эканамічнага характару.

БелаПАН
Мінск, 20 мая 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/286/26113
Текущая дата: 15.11.2024