Белорусский портал в Казахстане

Украіна вымушана цалкам спыніць экспарт кандытарскіх вырабаў у Беларусь



Аб гэтым заяўляе асацыяцыя "Укркандпрам".

Украінскія кандытары прыпынілі пастаўкі сваёй прадукцыі ў Беларусь

Паводле слоў кіраўніка асацыяцыі Аляксандра Балдзінюка, рашэнне ўрада Беларусі пра ўвядзенне ліцэнзавання імпарту кандытарскіх вырабаў "прывяло да поўнага прыпынення ўвозу ўкраінскіх ласункаў у Беларусь".

Паводле меркавання кіраўніка "Укркандпрама", якое прыводзіць прэс-служба асацыяцыі, беларускія чыноўнікі ў якасці ўмовы атрымання імпартных ліцэнзій патрабуюць ад украінскіх вытворцаў значнага завышэння цэн на ўкраінскія ласункі — у дыяпазоне ад 30% да 500% ад цэн вытворцы, — што "практычна поўнасцю выключае іх рэалізацыю беларускім спажыўцам".

Кіраўнік "Укркандпрама" лічыць, што "рашэнне беларускіх улад, якім Беларусь дае сабе права патрабаваць ад украінскіх вытворцаў выканання адміністрацыйна ўстаноўленых мінімальных цэн на іх прадукцыю, супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі, парушае базавыя прынцыпы канкурэнцыі і ўстанаўлівае нераўнапраўныя ўмовы гандлю ўкраінскімі кандытарскімі вырабамі на беларускім рынку".

"Беларускія чыноўнікі адкрыта топчуцца па абароненых міжнародным правам гандлёвых інтарэсах Украіны, нават не турбуючы сябе хоць бы фармальным выкананнем міжнародных пагадненняў", — адзначыў Балдзінюк.

Паводле падлікаў асацыяцыі, "указаныя недружалюбныя і дыскрымінацыйныя дзеянні з боку Беларусі наносяць значны ўрон украінскай дзяржаве, якая, з улікам падзення налічэнняў падатку на прыбытак, скарачэння валютнай выручкі, скарачэння працоўных месцаў у кандытарскай галіне і ў сумежных цукровай, мучной, крухмала-патачнай, упаковачнай, алейнатлушчавай, малочнай і іншых галінах, зніжэння адлічэнняў у фонды аплаты працы і г. д., да канца 2014 года складзе 130 млн. грыўнаў".

Чакаецца памяншэнне ўнутранага попыту на цукар у аб`ёме 15 тыс. тон, муку — 12 тыс. тон, крухмала-патачную прадукцыю — 7 тыс. тон, алейнатлушчавую прадукцыю — 3 тыс. тон, малочную прадукцыю — 1 тыс. тон. Гэта рашэнне таксама выкліча скарачэнне працоўных месцаў у АПК — да 2,5 тыс. чалавек.

Асацыяцыя ў чарговы раз заклікала ўрад Украіны прыняць адэкватныя меры ў адказ на незаконныя дзеянні з боку Беларусі.

"Беларусь не ў першы раз груба парушае абароненыя міжнародным заканадаўствам гандлёва-эканамічныя правы Украіны, — падкрэсліў Балдзінюк. — Неэфектыўнае рэагаванне з боку ўкраінскіх улад толькі ўмацавала беларускіх чыноўнікаў ва ўласнай беспакаранасці ў дачыненні да незаконных дзеянняў па ўкраінскіх прадпрыемствах".

Як паведамлялася, 16 мая 2014 года Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову № 469 "Аб ліцэнзаванні імпарту асобных відаў макаронных вырабаў, а таксама кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза". Згодна з гэтай пастановай імпарт у Беларусь з-за межаў Мытнага саюза кандытарскіх вырабаў ажыццяўляецца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Мінгандлю па ўзгадненні з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і дзяржаўным канцэрнам харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам". Заява аб выдачы ліцэнзіі павінна ўзгадняцца з "Белдзяржхарчпрамам" пры наяўнасці заключаных паміж канцэрнам і вытворцам кандытарскай прадукцыі пагадненняў аб умовах паставак у Беларусь, дзе павінны быць устаноўлены мінімальныя цэны на прадукцыю.

У канцэрне "Белдзяржхарчпрам" БелаПАН паведамілі, што пакуль ніводнай ліцэнзіі на імпарт кандытарскіх вырабаў не выдадзена, але "перамовы па заключэнні пагадненняў і выдачы ліцэнзій ідуць".

Беларусь з`яўляецца чацвёртым найбуйнейшым замежным рынкам збыту ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў. Паводле даных Міністэрства даходаў і збораў Украіны, у 2013 годзе экспарт кандытарскіх вырабаў з Украіны ў Беларусь склаў 24,4 тыс. тон на суму 70 млн. долараў ЗША. Асацыяцыя "Укркандпрам" падрыхтавала і накіравала ў Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны "заяву на правядзенне расследавання з мэтай устанаўлення дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеянняў з боку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай галіны".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 16 чэрвеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/287/26299
Текущая дата: 27.12.2024