Белорусский портал в Казахстане

У Туркменістане будзе створаны комплексны сэрвісны цэнтр беларускай тэхнікі



Гэта пытанне абмяркоўвалася 20 сакавіка ў Мінску на сустрэчы прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з намеснікам старшыні Кабінета міністраў — міністрам замежных спраў Туркменістана Рашыдам Мярэдавым.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, Мясніковіч падкрэсліў: "Дружалюбны Туркменістан з`яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. Гэта падмацоўваецца пэўнымі праектамі, аб`ёмамі ўзаемнага гандлю. Узаемадзеянне дзвюх дзяржаў мае комплексны і сістэмны характар".

"Гэта не толькі таварнае супрацоўніцтва, якое, безумоўна, таксама вельмі важнае, — адзначыў Мясніковіч. — Мы ўжо рэалізуем інвестыцыйныя праекты, ствараем сумесныя прадпрыемствы".

Пазітыўную ацэнку прэм`ер-міністр Беларусі даў супрацоўніцтву з Туркменістанам у галіне навукі і адукацыі, што таксама "гаворыць пра комплекснасць і выніковасць партнёрскіх адносін".

У сваю чаргу Рашыд Мярэдаў адзначыў, што, накіроўваючы яго ў Мінск, прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў, што Беларусь з`яўляецца "надзейным доўгатэрміновым партнёрам, з якім адносіны развіваюцца па самым шырокім спектры накірункаў".

"Кіраўнікі дзвюх дзяржаў вядуць свае краіны вельмі дакладным вывераным курсам, добра разумеючы тыя рэаліі, у якіх мы сёння знаходзімся, бачачы перспектывы такога развіцця", — адзначыў Мярэдаў. Галоўным фактарам дынамічнага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, на яго погляд, з`яўляюцца рэгулярныя кантакты на вышэйшым узроўні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, тавараабарот з Туркменістанам за апошнія пяць гадоў вырас больш як у чатыры разы. Гэта абумоўлена высокімі тэмпамі росту беларускага экспарту, які забяспечаны за кошт рэалізацыі кантрактаў на пастаўкі тэхнікі ААТ "МАЗ", ААТ "Амкадор", ААТ "МЗКЦ" і ААТ "МТЗ". Двухбаковы гандаль паміж краінамі характарызуецца ўстойліва станоўчым сальда. У 2013 годзе тавараабарот павялічыўся на 34,6% і склаў 319,9 млн. долараў. Экспарт павялічыўся на 36,5% і дасягнуў 316,1 млн., імпарт скараціўся на 38,7% і склаў 3,8 млн. Сальда станоўчае ў 312,3 млн. долараў.

Беларусь экспартуе ў Туркменістан трактары, грузавыя аўтамабілі, дарожную, будаўнічую і сельскагаспадарчую тэхніку, веласіпеды, аўтапагрузчыкі, шыны, лекі, хімічныя ніткі, прадукцыю дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадукты харчавання (сухое малако і вяршкі, сыры, масла, спірт, солад, воды мінеральныя, кандытарскія вырабы, вырабы з рыбы). З Туркменістана Беларусь завозіць баваўняную пражу і валакно, тканіны, трыкатажнае палатно, воўну, пасцельную і сталовую бялізну, нафтапрадукты, палімеры прапілену.

Летась у параўнанні з 2012 годам зафіксаваны значны прырост экспарту паслуг — на 67% да 124,7 млн. долараў. Яго аснову складаюць будаўнічыя паслугі, рамонт абсталявання і транспартных сродкаў, паслугі ў галіне адукацыі.

Найбольш маштабным сумесным праектам Беларусі і Туркменістана з`яўляецца будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/289/25484
Текущая дата: 15.11.2024