Белорусский портал в Казахстане

Украінцы з памежных вёсак возяць у Беларусь малако і тварог, каб выжыць



Рэвалюцыйныя падзеі ва Украіне адбіліся і на цывільных стасунках людзей на памежжы. Беларусы, якія прызвычаіліся ездзіць на закупы ў суседні з Гомелем Чарнігаў, пакуль асцерагаюцца гэта рабіць.

Зімой жыхары памежных раёнаў і без таго не надта часта выпраўляюцца ва Украіну, як, дарэчы, і ўкраінцы ў Беларусь. Аднак памежны пераход "Новая Гута" цяпер, па сутнасці, пустуе. Рэдкія машыны і аўтафуры кіруюцца ва Украіну, гэтаксама і ў зваротным напрамку.

Памежнікі без дазволу начальства ніяк не каментуюць пасажырскі паток. У прыватнай размове, аднак, згадваюць, што і без таго слабы зімовы рух цераз мяжу яшчэ больш замарудзіўся. На памежным пераходзе цяпер часцей убачыш пешахода або чалавека на веласіпедзе, чым аўтобус ці аўтамашыну.

Пры мне двое ўкраінцаў з чамаданамі пехатой перайшлі беларускую мяжу. Абодва яны з Чарнігава, кажуць, што кіруюцца ў Гомель па прыватных справах. Іх давезлі да ўкраінскага пераходу "Новыя Ярылавічы", мяжу яны адолелі пешшу і кіруюцца на аўтобусны прыпынак "Новая Гута".

Украінец Валер: "У Чарнігаве няма ніякіх праблемаў — можна спакойна ехаць і нічога не баяцца. Учора ўночы хадзіў па горадзе — нікога не бачыў. І ніхто ў нас нават не расказвае пра якіясьці банды ці ўзброеных людзей — такога няма. Сітуацыя толькі ў Крыме напружаная, наколькі я ведаю".

Суразмоўца кажа, што парадак у Чарнігаве забяспечвае міліцыя, але яе цяпер значна менш на вуліцах. Прадстаўнікоў іншых службаў, якія даўно здабылі сабе нядобрую славу хабарнікаў, зараз наогул не відаць. "Міліцыя працуе, але яе значна менш, — кажа ён. — Напрыклад, супрацоўнікаў ДАІ наогул не бачна. І гэта добра! Вы ведаеце чаму".

Падарожнікі заўважылі, што на шашы Чарнігаў — Гомель вельмі мала транспарту: "Дужа мала машын. Відаць, баяцца. Але баяцца не трэба. Асабліва да Чарнігава можна ехаць спакойна".

Спадарожнік Валера спадар Уладзімір дадае, што жыхары абедзвюх краін глядзяць тэлевізар, і многія робяць свае высновы: "Глядзяць тэлевізар і мяркуюць, што не трэба ехаць і нарывацца на нейкія непрыемнасці. Лепей дома даражэй купіць ці з`ездзіць потым, а не зараз, калі абвастрылася сітуацыя ва Украіне. Апрача таго, цяпер не курортны сезон. Тут яшчэ справы такія з валютай — долар вырас, учора каштаваў ужо 10 грыўнаў 50 капеек. Але перамены будуць!"

Цераз мяжу на веласіпедзе мужчына сталага веку вязе балон для звадкаванага газу. У супрацьлеглым напрамку, таксама на веласіпедзе, едзе жанчына з чамаданамі.

Украінка вязе ў беларускую Новую Гуту малако ды тварог. На продаж. Кажа, што рэвалюцыя рэвалюцыяй, а дзяцей карміць трэба сёння, бо працы ў памежнай украінскай вёсцы як не было, так і няма: "Толькі з таго і жывем, што трымаем багата кароў і возім якое малако ды тварог у вёскі і на лецішчы ў Беларусь. Працы ў нас няма — усё развалена".

Украінка пакуль у паняверцы: ці здолее новая ўлада забраць у вышэйшых чыноўнікаў нарабаванае ў народа дабро і перадаць у бюджэт? Ніхто яе не пераканаў, што гэта будзе зроблена абавязкова: "Вось каб яны ўсё гэта забралі, прадалі ды ў бюджэт грошы вярнулі! Але ж гэтага, я думаю, не будзе".

БелаПАН, 27 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/290/25221
Текущая дата: 15.11.2024