Белорусский портал в Казахстане

Санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі малаэфектыўныя



Такую думку выказалі беларускія і еўрапейскія эксперты падчас пасяджэння круглага стала "Беларусь і ЕС: ці ёсць шанц выйсці з замкнутага круга?" 28 лістапада ў Вільнюсе.

"Санкцыі як спосаб націску на тых, хто праце і зарабляе пад заступніцтвам рэжыму ў Беларусі, малаэфектыўныя", — заявіў старшы навуковы супрацоўнік няўрадавай арганізацыі "Еўрапейскі савет па міжнародных справах" Эндру Уілсан. Пры гэтым ён падкрэсліў, што нават такія абмежавальныя меры "лепшыя, чым нічога".

Уілсан мяркуе, што Расія для Беларусі на гэты момант зрабіла больш за Еўрасаюз, у прыватнасці аказала дапамогу падчас фінансава-эканамічнгаа крызісу. "Расія з утылітарных меркаванняў пасадзейнічала Беларусі падчас крызісу, — сказаў Уілсан. — І што б у прынцыпе ні рабілі беларускія ўлады з Еўрасаюзам, яны робяць гэта для таго, каб атрымаць дадатковыя бонусы ад Расіі".

Загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі Сяргей Кізіма ў сваю чаргу заявіў, што Беларусь сутыкаецца з дыскрымінацыяй з боку ЕС і ЗША. "Вашынгтон і Брусель упэўненыя, што такая невялікая краіна, як Беларусь, не мае права на сваю палітычную самастойнасць. Яна павінна падпарадкавацца Бруселю і Вашынгтону ці загінуць", — сказаў ён.

Кажучы пра дыскрымінацыйнае стаўленне да Беларусі, Кізіма прывёў у прыклад Грузію. "Там за апошнія дзевяць гадоў было 180 палітычных зняволеных, але ЕС не звяртаў на гэта ўвагі. А з Беларуссю з яе дванаццаццю-трынаццаццю палітзняволенымі разгарнулася такая дыскусія. Гэта яўны выпадак дыскрымінацыі", — мяркуе Кізіма.

На яго думку, палітзняволеныя ў Грузіі "не маюць значэння, таму што Грузія выступае супраць Расіі". "Беларусь жа арыентаваная на Расію, таму важна было знайсці іх тут, — сказаў Кізіма. — Гэта палітызаванае пытанне, якое не мае нічога агульнага з правамі чалавека".

Палітолаг Яўген Прэйгерман зазначыў, што адносінам паміж Беларуссю і ЕС уласцівая цыклічнасць. "Уводзяцца санкцыі, потым ідуць некалькі гадоў стымулявання (наладжвання адносін. — БелаПАН.), затым выбары і зноў санкцыі", — зазначыў ён. Паводле слоў Прэйгермана, уведзеныя санкцыі, "па меншай меры, не садзейнічаюць еўрапейскай інтэграцыі Беларусі".

Эксперт мяркуе, што ЕС неабходна скарэктаваць сваю знешнюю палітыку ў дачыненні да Беларусі, працаваць над развіццём дыялогу праз розныя праграмы як з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, гэтак і з дзяржаўнымі экспертамі, а таксама звычайнымі грамадзянамі.

Праграмны дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс зазначыў, што ЕС надае дастаткова ўвагі Беларусі, але "ўсе іх спробы нешта зрабіць упіраюцца ў пазіцыю Мінска", які не згодны на фармат дыялогу, што прапанощвае ЕС. "Але ЕС неабходна пазбегнуць заігрыванняў з дыктатарам, — падкрэсліў Юрконіс. — Нельга чакаць палітычных рэформ без палітызавання дыялогу з Мінскам".

Юрконіс таксама заявіў, што ЕС неабходна сканцэнтравацца на прасоўванні еўрапейскіх ідэй і каштоўнасцяў сярод простых грамадзян Беларусі, садзейнічаць таму, каб беларусы маглі свабодна падарожнічаць у ЕС. "Зніжэнне кошту ці адмена платы за візы будзе гэтаму садзейнічаць і затым прынясе свае плады", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Вільнюс, 28 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/293/24231
Текущая дата: 15.11.2024