Белорусский портал в Казахстане

Беларусь абмежавала ўвоз бульбы з ЕС



Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Беларусь абмежавала ўвоз з краін Еўрасаюза на сваю тэрыторыю насеннай і харчовай бульбы, а таксама пасадачнага матэрыялу (за выключэннем матэрыялу, што паступае для дзяржаўнага сортавыпрабавання і навукова-даследчых мэт).

Такая мера ўведзена "ў сувязі з неаднаразовымі зваротамі Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ і ў адпаведнасці з артыкуламі 6 і 8 Пагаднення Мытнага саюза аб каранціне раслін ад 11 снежня 2009 года, прынцыпамі Міжнароднай канвенцыі па каранціне і абароне раслін", паведамляе Мінсельгасхарч.

Абмежаванне на ўвоз бульбы пачало дзейнічаць 1 лютага. Яно не распаўсюджваецца на "гадавальнікі на тэрыторыі краін — членаў ЕС, прызнаныя на аснове адпаведных міжнародных стандартаў, як месцы, зоны і ўчасткі вытворчасці, вольныя ад каранцінных аб`ектаў для Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі".

Нагадаем, Рассельгаснагляд заявіў, што можа абмежаваць увоз бульбы з Беларусі. "Мы маем інфармацыю, што фірмы-пастаўшчыкі прапаноўваюць расійскім партнёрам пастаўкі бульбы з краін Еўрасаюза праз Беларусь", — заявіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Паводле яго слоў, гэтыя факты тлумачаць, чаму вытворцы бульбы з Еўропы не імкнуцца праводзіць праверкі сваёй прадукцыі ў расійскай фітасанітарнай службе.

Рассельгаснагляд паабяцаў у гэтай сувязі, што будзе правяраць на мяжы кожную партыю бульбы, якая завозіцца з Еўропы.

Беларусь не далучылася да пагадненняў Мытнага саюза, што дазваляюць кантраляваць паходжанне бульбы, якая пастаўляецца з краіны на рынкі краін-партнёраў, што дае магчымасць прадаваць у Расіі еўрапейскую бульбу пад выглядам беларускай, растлумачылі ў Рассельгаснаглядзе. "Мы рыхтуем ліст пра магчымасць увядзення абмежаванняў на ўвоз насеннай і таварнай бульбы з Беларусі і просім правядзення тэрміновых кансультацый", — падкрэсліў Данкверт.

Пастаўкі бульбы з ЕС у Расію цяпер абмежаваныя з-за пагрозы распаўсюджвання небяспечных хвароб раслін. Аднак раней Рассельгаснагляд заяўляў пра магчымасць дазволу ўвозу насеннага матэрыялу ў Расію пры ўмове праверкі ведамствам кожнай таварнай партыі.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/293/24893
Текущая дата: 26.12.2024