Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць Украіну дапамагчы ў падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы атамнай энергетыкі



На гэтым пытанні кіраўнік беларускай дзяржавы акцэнтаваў увагу ў час перагавораў з Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам у пашыраным складзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вядзецца будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ва Украіны ёсць каласальны вопыт эксплуатацыі атамнай станцыі, але галоўнае - ёсць спецыялісты.

"Мы хацелі б, каб Украіна дапамагла нам са спецыялістамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што такія перагаворы ўжо вядуцца на ўзроўні экспертаў. "Мы на вас вельмі будзем разлічваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокі ўзровень узаемнага гандлю, які склаўся па выніках 2012 года ў суме $8 млрд. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны прайшлі сур`ёзны шлях ад простага гандлю да стварэння на базе кааперацыі сумесных прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок поўны рашучасці ствараць большую колькасць сумесных прадпрыемстваў з лакалізацыяй ва Украіне.

Акрамя таго, Беларусь гатова прыняць удзел у праграмах аднаўлення сельскай гаспадаркі ва Украіне. Беларускі бок гатовы не толькі пастаўляць сельскагаспадарчую тэхніку, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі ішла на аснове сучасных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў таксама ўвагу на шырокія магчымасці Беларусі і Украіны ў супрацоўніцтве ў сферы дарожных, чыгуначных і марскіх перавозак.

18 чэрвеня 2013, Кіеў
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/296/21677
Текущая дата: 19.05.2024