Як БЕЛАЗ будзе спраўляцца з новымі санкцыямі з боку ЗША, расказаў журналістам намеснік генеральнага дырэктара БЕЛАЗ па стратэгічным развіцці і карпаратыўным кіраванні Аляксей Грачоў.
Гаворачы аб нядаўніх санкцыях ЗША ў адносінах да БЕЛАЗа, Аляксей Грачоў адзначыў, што прадпрыемства праводзіць ужо ўсебаковы аналіз магчымых рызык. "Гэтыя рызыкі будуць улічаны ва ўсіх сферах дзейнасці прадпрыемства, і мы будзем гатовы да іх на ўсе сто працэнтаў", - падкрэсліў ён.
Таксама намеснік генеральнага дырэктара расказаў аб імпартазамяшчэнні камплектуючых. "У гэты няпросты час Расійская Федэрацыя пачала нам пастаўляць электракамплектуючыя, а таксама рухавікі, якія з`яўляюцца сэрцам кар`ерных самазвалаў. У цэлым мы імпартазамясцілі большую наменклатуру. Акрамя іншага, тут можна адзначыць вытворцаў гідраўлічных помпаў кампаніі "Пнеўмабудмашына" з Екацярынбурга", - дадаў Аляксей Грачоў.
Паводле яго слоў, у БЕЛАЗа да канца 2023 года заключаны дагаворы па пастаўках тэхнікі. Цяпер жа ідуць актыўныя перагаворы аб заказах на 2024 год.
У 2022 годзе БЕЛАЗ паставіў у РФ прадукцыю на агульную суму больш як $800 млн, у тым ліку 843 кар`ерныя самазвалы. За студзень - люты бягучага года ў Расію адгружана прадукцыі на суму каля $153 млн, у тым ліку 144 адзінкі тэхнікі.
30 сакавіка 2023, Мінск
БЕЛТА
30 сакавіка 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/30/68887
Текущая дата: 26.12.2024