Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання знізіла гранічныя мінімальныя цэны на тавары, што рэалізуюцца па знешнегадлёвых дагаворах. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 10 красавіка 2023 года нумар 48, што афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, малако і вяршкі, згушчаныя або з дабаўленнем цукру, у парашку, гранулах або ў іншым цвёрдым выглядзе (не больш як 1,5 працэнта тлустасці) у Расію будуць рэалізоўваць па цане ад 180 расійскіх рублёў за 1 кг, у краіны ЕАЭС, СНД і Грузію — ад $2,35 за 1 кг. Для краін па-за межамі Садружнасці (акрамя Грузіі) цана ўстаноўлена ад $2 за 1 кг.
На малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншым цвёрдым выглядзе, з колькасцю тлушчу больш як 1,5 працэнта без дабаўлення цукру для Расіі цана ўстаноўлена ў памеры ад 285 расійскіх рублёў за 1 кг. У краіны ЕАЭС, СНД і Грузію такая прадукцыя будзе рэалізоўвацца па цане ад $3,8 за 1 кг.
Акрамя таго, масла з колькасцю малочнага тлушчу ад 80 працэнтаў можна адпускаць у Расію па экспартнай цане 430 расійскіх рублёў за 1 кг, у краіны ЕАЭС, СНД, Грузію і Ізраіль — ад $6 за 1 кг, для іншых краін кошт складзе не ніжэй за $5,5.
Таксама Мінсельгасхарч знізіў цэны на масла з колькасцю малочнага тлушчу ад 72 да 80 працэнтаў. У Расію такая прадукцыя будзе адпускацца па цане ад 380 расійскіх рублёў за 1 кг, у краіны ЕАЭС, СНД і Грузію — ад $5,2, у краіны па-за межамі Садружнасці (акрамя Грузіі) — ад $5,1 за 1 кг.
У пастанове таксама пазначана, што мінімальная цана на сыры для Расійскай Федэрацыі ўстаноўлена ў межах ад 300 да 390 расійскіх рублёў за 1 кг у залежнасці ад тлустасці, для краін ЕАЭС, СНД, Грузіі і іншых краін — ад $5,6 да $5,65. Для Егіпта і Сербіі прадаўжаюць дзейнічаць спецыяльныя цэны — $4,5-4,6 за 1 кг.
Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад рэгіёна экспарту: Расія, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), краіны СНД (акрамя краін ЕАЭС) і Грузія, краіны па-за межамі СНД (акрамя Грузіі).
Пастанова ўступае ў сілу з 12 красавіка.
Звязда, 12 красавіка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/30/69025
Текущая дата: 26.12.2024