Белорусский портал в Казахстане

Беларусь пагасіла яшчэ прыкладна 100 млн. долараў па крэдыце МВФ



Беларусь ажыццявіла пятае ў 2013 годзе пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце МВФ.

"12 красавіка 2013 года Рэспубліка Беларусь у мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце стэнд-бай МВФ ажыццявіла чарговае пагашэнне асноўнага доўгу ў памеры 64,7 млн. СДР (эквівалентна 97,4 млн. долараў ЗША)", — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў.

Гэта пяты плацеж па крэдыце МВФ з пачатку года. Так, 14 студзеня Беларусь выплаціла 99 млн. долараў, 23 студзеня — 84,1 млн., 22 сакавіка — 82,2 млн., 1 красавіка — 82 млн. У цэлым у 2013 годзе Беларусь павінна вярнуць МВФ 1,63 млрд. долараў.

Як вынікае з графіка плацяжоў, апублікаванага на афіцыйным сайце МВФ, найбольшыя выплаты ў 2013 годзе прыпадуць на красавік, чэрвень і кастрычнік — у гэтыя месяцы Беларусь павінна выплаціць па 175 млн. СДР (каля 270 млн. долараў па бягучым курсе).

Пяць траншаў крэдыту ў межах праграмы стэнд-бай на 3,46 млрд. долараў Беларусь атрымала ад МВФ у 2009—2010 гадах.

Асноўны пік выплат прыпадае на 2013—2014 гады, калі Беларусі давядзецца вярнуць большую частку пазыкі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 12 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/302/20507
Текущая дата: 19.05.2024