Белорусский портал в Казахстане

Беларуска-літоўскі эканамічны форум у перспектыве можа стаць агульнаеўрапейскім



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у эксклюзіўным інтэрв`ю штотыднёвіку "Литовский курьер".

Гэта інтэрв`ю Міхаіл Мясніковіч даў у час праведзенага 18-19 красавіка ў Клайпедзе IX Міжнароднага беларуска-літоўскага эканамічнага форуму. Тэму пашырэння рамак гэтага форуму і надання яму шматхарактарнага інвестыцыйнага праекта абмеркавалі на сустрэчы кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Літвы. "З прэм`ер-міністрам Літвы Альгірдасам Буткявічусам мы ўжо закраналі гэту тэму. Яна разглядалася ініцыятыўна ў такім кантэксце: каб беларуска-літоўскі эканамічны форум стаў агульнаеўрапейскім форумам, у якім, з аднаго боку, удзельнічаў бы Еўрапейскі саюз, а з другога - Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі. Думаю, што з гэтай ідэі мог бы атрымацца цікавы праект, які можа набыць канкрэтныя рысы, калі літоўскі прэм`ер Альгірдас Буткявічус будзе з візітам у Мінску", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён адзначыў, што цяпер ужо відаць, як маштабы двухбаковых беларуска-літоўскіх адносін перарастаюць існуючы фармат. "Нашым буйным кампаніям цеснавата ў рамках дзвюх краін, - лічыць прэм`ер-міністр. - Асабліва, калі ў патыліцу дыхае сярэдні і нават дробны бізнес. Жыццё аб`ектыўна патрабуе шматбаковых адносін, выхадаў на рынкі іншых дзяржаў. І гэта вельмі добра, гэта трэба ўсяляк вітаць і развіваць".

Літоўска-беларускія гандлёва-эканамічныя адносіны, як і сам эканамічны форум, могуць стаць цэнтрам прыцягнення інтарэсаў многіх дзяржаў. Напрыклад, скандынаўскіх - Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі з аднаго боку, Расіі, Казахстана - з другога. "Гэта вельмі цікавы напрамак, я лічу, ён заслугоўвае ўсялякай увагі і развіцця", - падкрэсліў беларускі прэм`ер.

Журналіст "Литовского курьера", задаючы пытанне, выказаў меркаванне, што асобна Літве і Беларусі не ўдасца стаць агульнаеўрапейскім транспартна-лагістычным хабам, а сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць шмат чаго. На думку Міхаіла Мясніковіча, дзве краіны-суседкі павінны на гэту прастору сцягнуць на добраахвотных і рыначных прынцыпах неабходныя сілы. "Нікога не варта спецыяльна прыцягваць або прывабліваць невыканальнымі абяцаннямі. У аснове згаданага мною прыцягнення сіл павінны ляжаць партнёрскія адносіны, пры якіх ніхто ніколі не ставіць за мэту атрыманне выгады ў аднабаковым парадку", - падкрэсліў ён і выказаў упэўненасць, што ў такой транспарэнтны працэс можна ўключыць і іншыя краіны.

Што датычыцца больш далёкай перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Літвы, то праз 20-50 гадоў яно будзе грунтавацца на навукаёмістых тэхналогіях, не матэрыялаёмістых, не энергаёмістых. "Навукаёмістыя праекты - гэта нашы праекты, пад словам "нашы" я маю на ўвазе як літоўскія і беларускія праекты асобна, так і сумесныя беларуска-літоўскія праекты", - сказаў прэм`ер-міністр. Прыродных рэсурсаў у Беларусі і Літвы няшмат, таму сіла - менавіта ў інтэлектуальных праектах. Напрыклад, у сферы інфармацыйных і біятэхналогій. Таму нанатэхналогіі, лазернае медыцынскае абсталяванне і інструменты - гэта патрабаванне часу.

У інтэрв`ю закранута і тэма супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай галіне. "Шчыра кажучы, я гэту тэму спецыяльна не вывучаў, паколькі Літва - член НАТА, Беларусь у абаронным будаўніцтве супрацоўнічае з іншымі дзяржавамі, - адзначыў прэм`ер-міністр. - Але на абарону працуе вельмі шмат перадавых вучоных і дасведчаных спецыялістаў. І, як правіла, абаронныя тэхналогіі - гэта тэхналогіі двайнога прызначэння. Калі мы ў Беларусі гаворым аб вытворчасці высакакласных аптычных прыбораў, аб дакладнай механіцы, аб сістэмах навядзення і кіравання агнём, то я павінен адзначыць - аналагічнымі тэхналогіямі валодаюць і літоўскія спецыялісты. Таму, думаю, у кантэксце адказу на агучанае пытанне дарэчы разглядаць не плоскасць ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а плоскасць супрацоўніцтва ў стварэнні тэхналогій двайнога прызначэння".

29 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/307/20872
Текущая дата: 15.11.2024