Белорусский портал в Казахстане

Кіраўніцтва МВФ заслухае справаздачу аб сітуацыі ў беларускай эканоміцы



Пра гэта паведамілі ў беларускім офісе фонду.

Справаздача місіі Міжнароднага валютнага фонду па трэцім постпраграмным маніторынгу эканомікі Беларусі будзе разгледжана сёння ў Вашынгтоне на пасяджэнні Савета дырэктараў МВФ.

Трэцяя місія МВФ па постпраграмным маніторынгу пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана працавала ў Беларусі 18—29 кастрычніка.

На выніковым брыфінгу Хофман заявіў, што ўмоў для адкрыцця новай крэдытнай праграмы МВФ у Беларусі пакуль няма.

"Для перамоў па магчыма новай праграме па-ранейшаму неабходна згода ўсіх службовых асоб, у тым ліку на самым высокім узроўні, наконт усёабдымнага пакета мер эканамічнай палітыкі, які атрымае дастатковую падтрымку з боку краін — членаў МВФ", — падкрэсліў кіраўнік місіі.

У МВФ лічаць неабходным, каб такі пакет мер прадугледжваў паслядоўную палітыку, скіраваную на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці, і абавязацельства рэалізоўваць глыбокія структурныя рэформы.

Паводле меркавання МВФ, ключавыя структурныя рэформы павінны ўключаць: лібералізацыю цэн, умацаванне права прыватнай уласнасці, распрацоўку стратэгіі рэструктурызацыі і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў і ўвядзенне адрасных сацыяльных дапамог, а таксама дапамог па беспрацоўі для абароны найболей уразлівых слаёў насельніцтва.

Акрамя таго, місія МВФ прыйшла да высновы, што заўчаснае змякчэнне ўладамі Беларусі грашова-крэдытнай палітыкі ў канцы першага паўгоддзя 2012 года ўзмацніла націск на цэны і абменны курс.

На думку МВФ, для забеспячэння стабільнасці эканомікі ўладам Беларусі неабходна "праводзіць больш рашучыя меры эканамічнай палітыкі".

Дасягненне мэтавых паказчыкаў па росце ВУП пагражае макраэканамічнай стабільнасці Беларусі, лічаць у Міжнародным валютным фондзе.

БелаПАН
Мінск, 14 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/314/18348
Текущая дата: 02.06.2024