Белорусский портал в Казахстане

Беларусь у час свайго старшынства ў СНД будзе паглыбляць узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае і інавацыйнае супрацоўніцтва



Гэта прадугледжана Канцэпцыяй старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2013 годзе, паведамілі ў МЗС.

1 студзеня 2013 года Рэспубліка Беларусь уступіла ў старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Рашэнне аб гэтым прынята 5 снежня 2012 года ў г. Ашхабадзе на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Сярод прыярытэтных задач беларускага старшынства - далейшае ўмацаванне добрасуседства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы, павышэнне ўзроўню жыцця і дабрабыту грамадзян дзяржаў - удзельніц СНД, а таксама прымнажэнне пазітыўнага вопыту інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

Старшынства Беларусі пройдзе пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур".

Старшынства ў СНД на працягу 2013 года будзе ажыццяўляцца нашай краінай у Савеце кіраўнікоў дзяржаў, Савеце кіраўнікоў урадаў, Савеце міністраў замежных спраў, Эканамічным савеце, Савеце пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці, а таксама ў Камісіі па эканамічных пытаннях пры Эканамічным савеце СНД.

У МЗС падкрэслілі, што старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў будзе ажыццяўляцца зыходзячы з прынцыпу пераемнасці ў строгай адпаведнасці са статутнымі і праграмнымі дакументамі Садружнасці з мэтай выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў да вырашэння актуальных пытанняў рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Павышэнне іміджу СНД на міжнароднай арэне і ўнутры Садружнасці, пашырэнне ўзаемадзеяння ўрадавых структур дзяржаў - удзельніц СНД з іншымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі ўтварэннямі будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню добрасуседства ў рэгіёне.

Паглыбленне ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, міжгаліновай і вытворчай кааперацыі, а таксама павышэнне даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій у дзяржавах - удзельніцах СНД прызначаны даць дадатковы імпульс росту нацыянальных эканомік і патэнцыялу Садружнасці ў цэлым.

Развіццё інфармацыйнай прасторы, умацаванне міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння, кантактаў на ўзроўні навуковай і творчай інтэлігенцыі, ветэранскіх і маладзёжных арганізацый, а таксама ў сферы спорту і турызму накіраваны на пашырэнне дыялогу культур у Садружнасці.

Для рэалізацыі пастаўленых Рэспублікай Беларусь мэт дзяржавам - членам СНД будзе прапанавана ў сферы ўмацавання добрасуседскіх адносін пашырыць узаемадзеянне ўрадавых структур дзяржаў - удзельніц СНД з іншымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі ўтварэннямі; комплексна выкарыстоўваць патэнцыял міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД і актыўней задзейнічаць вопыт удзелу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь у дзейнасці еўрарэгіёнаў "Нёман", "Днепр" і "Азёрны край". Прапанавана распрацаваць План па рэалізацыі Канвенцыі аб прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, які ў тым ліку прадугледжвае распрацоўку і магчымы запуск аперацыйных рэгіянальных праграм і праектаў, нацэленых на пабудову ўзаемавыгадных добрасуседскіх адносін на рэгіянальным узроўні; прадоўжыць узаемадзеянне ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару з мэтай забеспячэння бяспечных умоў для жыццядзейнасці насельніцтва і зніжэння негатыўнага ўплыву наступстваў надзвычайных сітуацый на навакольнае асяроддзе; ажыццявіць шэраг мерапрыемстваў па спыненню проціпраўнай дзейнасці праз знешнія граніцы дзяржаў - удзельніц СНД на заходнім і паўночна-заходнім напрамках; ажыццявіць мерапрыемствы па павышэнню іміджу СНД на міжнароднай арэне і ўнутры Садружнасці.

Рэспубліка Беларусь прапануе Савету па гуманітарнаму супрацоўніцтву дзяржаў - удзельніц СНД, Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" шырэй выкарыстоўваць на тэрыторыі дзяржаў Садружнасці сімволіку СНД (сцяг і эмблему СНД). Акрамя таго, у Савет па гуманітарнаму супрацоўніцтву дзяржаў - удзельніц СНД будзе ўнесена прапанова аб разглядзе магчымасці прадстаўлення ў дзяржавах - удзельніцах СНД сувенірнай прадукцыі з сімволікай СНД у гістарычных і культурных цэнтрах, аэрапортах, вакзалах, сувенірных магазінах, кіёсках.

4 студзеня 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/318/18779
Текущая дата: 14.11.2024