Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Чэхія падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне лясной гаспадаркі



У Празе 15 лістапада падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне лясной гаспадаркі паміж Беларуссю і Чэшскай Рэспублікай. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.

Пагадненне падпісалі кіраўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі Чэхіі.

Супрацоўніцтва паміж бакамі будзе ажыццяўляцца па такіх кірунках, як адміністрацыйныя, прававыя і эканамічныя аспекты кіравання лясамі, шматмэтавае лесакарыстанне і ўзмацненне экалагічных функцый лясоў, захаванне генафонду і паляпшэнне пароднага складу лясоў, іх узнаўленне, абарона ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, улік лясных рэсурсаў і лесаўладкаванне, маніторынг лясоў і паляўнічая гаспадарка.

Лесаводы дзвюх краін будуць ажыццяўляць сумесныя праграмы і праекты ў галіне лясной гаспадаркі, праводзіць сумесныя даследаванні па пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Акрамя таго, бакі будуць абменьвацца дэлегацыямі вучоных і спецыялістаў, вопытам працы, навукова-тэхнічнай інфармацыяй, вынікамі навуковых даследаванняў.

Для каардынацыі работ па ажыццяўленні пагаднення будзе створана сумесная рабочая група.

У рамках візіту беларускія лесаводы азнаёміліся з вопытам вядзення лясной гаспадаркі ў Чэхіі, наведалі лесагаспадарчыя арганізацыі, абмеркавалі планы па развіцці супрацоўніцтва двух ведамстваў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 19 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/324/17723
Текущая дата: 15.11.2024