На пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка першы намеснік старшыні праўлення Сяргей Калечыц распавёў, што спрыяла падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2022 годзе.
«Шмат у чым падтрыманню стабільнасці валютнага рынку ў 2022 годзе спрыялі добрыя тэндэнцыі ў знешнім гандлі. У выніку фарміравання рэкорднага станоўчага сальда знешняга гандлю прадпрыемствы за 2022 год атрымалі $2,7 млрд чыстай выручкі. Збалансаваная сітуацыя на валютным рынку дазволіла не дапусціць звышпланавага зніжэння золатавалютных рэзерваў. Больш за тое, паводле папярэдніх звестак, на 1 студзеня 2023 года міжнародныя рэзервовыя актывы склалі $7,9 млрд (2,2 месяца імпарту) пры мэтавым паказчыку на канец 2022 года ў межах не ніжэй за $7 млрд. За 2022 год золатавалютныя рэзервы знізіліся на $0,5 млрд», — распавёў Сяргей Калечыц.
Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў спрыялі купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, паступленне замежнай валюты на карысць Міністэрства фінансаў, а таксама перанос тэрмінаў пагашэння знешняга доўгу перад РФ. Акрамя таго, частка знешніх дзяржаўных абавязацельстваў была выканана ў беларускіх рублях з прычыны фактычнай забароны заходнім банкам ажыццяўляць фінансавыя аперацыі з урадам Беларусі.
Праца па падтрыманні міжнародных рэзервовых актываў працягнецца і ў 2023 годзе. «З улікам маючых адбыцца выплат па знешніх пазыковых абавязацельствах у асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2023 год устаноўлены ўзровень міжнародных рэзервовых актываў на канец бягучага года — не менш як $6 млрд», — адзначыў Сяргей Калечыц.
Звязда, 27 студзеня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/34/68164
Текущая дата: 27.12.2024