Сродкі будуць укладзены ў тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва другой электрычнай падстанцыі ў індустрыяльным парку "Вялікі Камень".
Кітай накіруе ў Беларусь экспертную групу для даследаванняў па будаўніцтве другой электрападстанцыі ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі Камень", вынікае з афіцыйна апублікаванага дакумента.
У ім гаворыцца, што КНР згодна на правядзенне тэхніка-эканамічнага абгрунтавання згаданага праекта. Бакі ў будучыні падпішуць асобную дамову, а пакуль што агаворана, што Кітай выдзеліць каля 2 млн юаняў (больш за 300 тысяч долараў).
Грошы возьмуць са сродкаў, якія зарэзерваваны як тэхніка-эканамічная дапамога ад Кітая для Беларусі.
"Аднаразовы разлік будзе праведзены Дзяржаўным банкам развіцця Кітая і ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк", - тлумачыцца ў дакуменце.
Вялікі Камень
Індустрыяльны парк знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Мінска. Гэта сумесны праект Беларусі і Кітая. Плошча парка – 112,5 кв км. На гэтай тэрыторыі дзейнічае спецыяльны прававы рэжым з рознымі льготамі.
Міжурадавае пагадненне аб стварэнні парка "Вялікі Камень" падпісалі ў 2011 годзе. У 2014 годзе заклалі першы камень і зарэгістравалі першага рэзідэнта. Цяпер у парк увайшлі дзесяткі кампаній, сярод якіх Huawei, ZTE, Zoomlion, Weichai і іншыя.
"Ільготныя ўмовы добрыя ў парку. І мы стваралі гэты парк, арыентуючыся на тое, што зможам у краіну прыцягнуць найвышэйшыя тэхналогіі. Навучым нашых людзей гэтым тэхналогіям. І досвед парка ў вытворчых сферах перанясём на Беларусь. Гэта самае галоўнае", - заяўляў прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў 2021 годзе.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/35/67906
Текущая дата: 27.12.2024