Белорусский портал в Казахстане

Праект праграмы развіцця прамысловасці Беларусі павінен паступіць на разгляд кіраўніка дзяржавы да канца сакавіка



Аб гэтым заявіў 21 лютага на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў першы намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка, паведаміла прэс-служба ўрада.

На яго думку, галоўная задача для прамысловасці — скараціць адставанне Беларусі ад сярэднееўрапейскага ўзроўню па прадукцыйнасці працы. "Сёння па многіх відах дзейнасці ў 4—6 разоў выпрацоўка на чалавека меншая, чым у развітых краінах Еўрасаюза, — канстатаваў Сямашка. — Задача — скараціць шасціразовае адставанне хаця б да двухразовага".

Першы віцэ-прэм`ер падкрэсліў важнасць фарміравання вытворчасцей, якія могуць вытрымаць канкурэнцыю на міжнароднай арэне. "Тыя прадпрыемствы, якія будзем будаваць з нуля, павінны адразу выходзіць на сусветны ўзровень. Гэта не суперзадача, для гэтага створана аснова", — упэўнены ён.

Як паведаміў журналістам намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў, асноўнымі прыярытэтамі канцэпцыі развіцця прамысловага комплексу Беларусі да 2020 года з`яўляюцца інавацыйнае развіццё, павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт стварэння высокаэфектыўных высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Плануецца структурная і тэхналагічная галіновая перабудова галіны, укараненне рэсурсазберагальных тэхналогій.

"Да 2020 года прадугледжваецца дасягненне прадукцыйнасці працы ў прамысловасці на ўзроўні 34—36 тыс. долараў на аднаго занятага", — сказаў намеснік міністра. Будзе створана 400 тыс. высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Рост валавога дададзенага кошту вырасце ў 2,3-2,4 разу. "Павышэнне зарплаты плануецца да ўзроўню 1.300 долараў", — дадаў Філонаў.

Распрацаваная канцэпцыя будзе накіравана на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы. Дакумент ляжа ў аснову новай праграмы развіцця прамысловага комплексу Беларусі да 2020 года, на фінансаванне якой плануецца накіраваць да 90 млрд. долараў. Паводле слоў Філонава, распрацоўка праекта праграмы ўжо вядзецца і павінна быць завершана да сярэдзіны сакавіка. "Канкрэтныя тэрміны, дакладныя аб`ёмы фінансавання, праекты праграмы будуць канкрэтызаваныя самым найбліжэйшым часам", — сказаў намеснік міністра.

Паводле слоў Філонава, за апошнюю пяцігодку "забяспечана дынамічнае развіццё прамысловай вытворчасці". "Рост — паўтара раза, — адзначыў намеснік міністра. — Сёння прамысловасць Беларусі з`яўляецца асновай эканомікі, бо стварае 30% ВУП, 90% экспарту. Каля чвэрці занятых у эканоміцы працуюць у прамысловасці".

"Нас не ў поўнай меры задавальняюць гэтыя паказчыкі, паколькі па такіх з іх, як прадукцыйнасць працы, мы не дасягнулі патрэбнага ўзроўню. Гэта ж тычыцца матэрыялаёмістасці і імпартаёмістасці", — патлумачыў намеснік міністра. Патрабуе ўдасканалення і тэхналагічная структура галіны. Сёння доля высокатэхналагічных вытворчасцей у прамкомплексе Беларусі складае ўсяго 4,4%, у той час як сярэднееўрапейскі ўзровень — 15%.

Усе пералічаныя праблемныя пытанні і задачы ўлічаныя пры фарміраванні канцэпцыі развіцця прамысловага комплексу Беларусі да 2020 года. Яна заклікана ствараць аснову для новай праграмы развіцця прамысловасці краіны, вызначыўшы асноўныя яе кірункі, мэты, а таксама асаблівасці сістэмы кіравання.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/352/12397
Текущая дата: 17.11.2024