Белорусский портал в Казахстане

Да будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане прыцягнуць больш беларускіх спецыялістаў



Пра гэта было заяўлена падчас візіту ўрадавай дэлегацыі Беларусі на чале з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам 16—17 студзеня ў Туркменістан.

У межах візіту на будпляцоўцы камбіната прайшла нарада з удзелам прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Прэзідэнт Туркменістана заявіў, што задаволены ходам будаўніцтва камбіната. Праца ідзе згодна з планам, пуск прадпрыемства павінен адбыцца ў студзені 2015 года. Тэхналагічны комплекс уключае руднік, абагачальную фабрыку і дапаможныя структуры. Прадпрыемства забяспечана сыравінай на 50 гадоў. Хларыд калію, які выпускаюць тут, будзе адпавядаць сусветным стандартам і поўнасцю забяспечыць патрэбы Туркменістана, а таксама будзе прадавацца ў іншыя краіны.

Найбліжэйшым часам для будаўніцтва прадпрыемства і мантажу абсталявання запатрабуецца больш кваліфікаваных спецыялістаў. Для гэтага туркменскі бок згадзіўся павялічыць квоты для беларусаў, якія працуюць на будоўлі, з 30 да 40%. Адначасова ўрэгулявана пытанне выплаты падаткаў на прыбытак і збірання ПДК для "Белгорхімпрама", які будуе камбінат. Прэзідэнт Туркменістана прапанаваў Беларусі ўдзельнічаць таксама ў збудаванні аб`ектаў інфраструктуры ў пасёлку Гарлык.

У студзені 2010 года ААТ "Белгорхімпрам" падпісала з дзяржаўным канцэрнам "Туркменхімія" кантракт на будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ  Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн. тон у год на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў  (Лебапская вобласць Туркменістана). Тэрмін рэалізацыі кантракта — пяць гадоў.

У межах візіту таксама адбыліся двухбаковыя перамовы Міхаіла Мясніковіча з Гурбангулы Бердымухамедавым. З туркменскім бокам падрабязна абмеркаваны пытанні адкрыцця камбінатаў буйнапанэльнага сейсмастойкага домабудавання, вырабаў зборнага жалезабетону, завода па вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў, лёгкіх металаканструкцый, керамічнай абліцовачнай пліткі і іншыя.

Акрамя гэтага, беларускія будаўнікі выканаюць у Туркменістане пілотны праект па рэканструкцыі і цеплавой мадэрнізацыі жылля пабудовы 60—70-х гадоў мінулага стагоддзя. "Белаўтадар" возьме ўдзел у тэндары на будаўніцтва моста цераз раку Амудар`я.

Разгледжаны пытанні пастаўкі беларускай тэхнікі ў Туркменістан. У 2012 годзе гэта краіна мае намер купіць 2 тыс. беларускіх трактароў і прыблізна 3 тыс. адзінак тэхнікі Мінскага аўтазавода. Прынята таксама рашэнне адкрыць у розных рэгіёнах Туркменістана чатыры станцыі тэхабслугоўвання МАЗа. Працягнецца пастаўка ў Туркменістан вежавых кранаў і ліфтаў беларускай вытворчасці.

Для падрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць працаваць на новых прадпрыемствах, плануецца адкрыць беларуска-туркменскі каледж. Мяркуецца, што высокакваліфікаваныя туркменскія майстры змогуць праходзіць стажыроўку ў Беларусі.

Бакі дамовіліся працягнуць падрыхтоўку і іншых сістэмных праектаў, у тым ліку ў банкаўскай сферы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/356/11837
Текущая дата: 17.11.2024