Адпаведныя ўказанні Аляксандр Лукашэнка даў пры разглядзе кадравых пытанняў.
"Прадпрыемствы, якія былі заснаваны замежным інвестарам або прыватызаваны і замежны інвестар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёння (гэта ў асноўным з недружалюбных краін і іншых) сышлі, - памахайце ім рукой, перахрысціцеся, што яны пакінулі вам уласнасць. Усё ж ёсць. Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.), я ж вам на прыкладзе "Макдоналдса" гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта наша ўжо прадпрыемства, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не захацелі працаваць - ну, як хочаце.. Нашы людзі таксама могуць, як я гаварыў, гэту булачку разрэзаць і пакласці туды лісце салаты або кавалак каўбасы. Гэтак жа і тут. Усё ж засталося. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, то я паздымаў бы галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не павінны гэтага дапусціць".
Размова на гэту тэму зайшла пры ўзгадненні кандыдатуры Дзмітрыя Шабетніка на пасаду старшыні Светлагорскага райвыканкама. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, наколькі той ведае горад і раён, пытаўся пра работу асноўных прадпрыемстваў. Дзмітрый Шабетнік згадаў пра завод зварачных электродаў, які пакуль прыпыніў работу з-за таго, што прадстаўнікі ўкраінскага бізнесу сышлі. Цяпер завод гатовы да работы, але вырашаецца пытанне змены ўласніка. "Думаю, што ў наступным годзе ён пачне працаваць, калі планы па змене ўласніка рэалізуюцца", - сказаў чыноўнік.
"Мы ж дамаўляліся. Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія або фінскія гаспадары - людзі застаюцца, тэхналогіі застаюцца, вытворчасць існуе. Электроды патрэбны, - заўважыў беларускі лідар. - Ігар Пятровіч, гэта прыклад вашай з Галоўчанкам (прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка.) жорсткай нястрымнай цяганіны і бюракратызму. Якую змену ўласніка? Я вам даў указанне: сышлі гаспадары - да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не хочаце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода, год?!"
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Дзмітрыя Шабетніка з дакладным даручэннем: "Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша. І калі прыедзеце, неадкладна рэалізуйце гэта ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам адказ дадуць. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да новага года памяняюць уласніка".
Аналагічная сітуацыя і па прадпрыемстве "ІКЕА". "Ах, "ІКЕА"!.. Да пабачэння! Мы гэтыя табурэткі, крэслы і іншае зробім. Або дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Сышоў гаспадар - ну і ідзі. На рынку попыт добры, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Хтосьці там прыйшоў-сышоў… Добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж "ІКЕА" ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвеставалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі "Сыходзьце" - яны сышлі. Да пабачэння. А вось вернем мы іх назад ці не - пытанне", - заявіў беларускі лідар.
12 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА
12 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/36/67439
Текущая дата: 16.11.2024