Белорусский портал в Казахстане

У Маскве падпісаны пакет беларуска-расійскіх пагадненняў у эканамічнай сферы



Падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 25 лістапада ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Горкі падпісаны шэраг важных дакументаў у эканамічнай сферы.

У прыватнасці, падпісаны кантракты на пастаўку газу ў Беларусь і яго транспарціроўку цераз тэрыторыю рэспублікі ў 2012—2014 гадах. ААТ "Газпром" і Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі таксама падпісалі дагавор куплі-продажу 50% акцый ААТ "Белтрансгаз".

Як паведамляе прэс-служба "Газпрома", у адпаведнасці з кантрактам цана газу для Беларусі ў 2012 годзе складзе 165,6 долара за тысячу кубаметраў, а ў 2013—2014 гадах будзе разлічвацца па формуле. Асноўнымі складальнікамі пры гэтым стануць цана газу для спажыўцоў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі (устанаўліваецца Федэральнай службай па тарыфах РФ), кошт транспарціроўкі газу ад месцаў здабычы ў гэтай акрузе да мяжы Расіі і Беларусі, кошт захоўвання газу ў падземных сховішчах на тэрыторыі РФ, велічыня расходаў "Газпрома" па рэалізацыі газу. Прадугледжана індэксацыя складальнікаў формулы цаны на велічыню інфляцыі.

Паводле дамоўленасцяў, у 2012 годзе Беларусь набудзе ў "Газпрома" 22,5 млрд. кубаметраў газу, у 2013 і 2014 гадах — па 23 млрд., прычым кантракт прадугледжвае магчымасць карэкціроўкі аб`ёмаў.

Згодна з кантрактам на транспарціроўку газу цераз тэрыторыю Беларусі тарыф на транспарціроўку тысячы кубаметраў газу па газаправодах ААТ "Белтрансгаз" у 2012 годзе складзе 2 долара на 100 км, а ў 2013—2014 гадах будзе штомесяц разлічвацца па формуле. Тарыф на транспарціроўку газу па беларускім участку газаправода Ямал — Еўропа будзе штомесяц разлічвацца па формуле на працягу ўсяго тэрміну дзеяння кантракта.

У адпаведнасці з дагаворам куплі-продажу 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" "Газпром" заплаціць 2,5 млрд. долараў. Такім чынам, расійская кампанія стане ўладальнікам 100% акцый ААТ "Белтрансгаз".

Мінімальны ўзровень нацэнкі на газ, які рэалізуецца "Белтрансгазам" спажыўцам Беларусі, з 1 студзеня 2012 года складзе 15,95 долара за тысячу кубаметраў, а з 2013 па 2031 гады будзе карэктавацца на велічыню інфляцыі.

З 1 студзеня 2032 года ўзровень мінімальнай нацэнкі будзе рэгулявацца ўпаўнаважаным органам Беларусі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Пры гэтым нацэнка не можа быць ніжэй за ўзровень, які кампенсуе затраты і інвестыцыі ААТ "Белтрансгаз", уключаючы эканамічна абгрунтаваную норму прыбытку, і ў любым выпадку будзе не ніжэй за 11,09 долара за тысячу кубаметраў.

Сёння ж паводле вынікаў пасяджэння ВДС прэм`ер-міністры дзвюх краін Уладзімір Пуцін і Міхаіл Мясніковіч падпісалі міжурадавыя пагадненні аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, а таксама аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці ААТ "Белтрансгаз".

Акрамя гэтага, падпісана пагадненне аб выдзяленні Расіяй Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту на будаўніцтва АЭС.

Некалькімі гадзінамі раней на пасяджэнні прэзідыума ўрада РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія выдзеліць Беларусі крэдыт для будаўніцтва АЭС да 10 мільярдаў долараў на 15 гадоў.

Падпісаныя сёння пагадненні ў газавай сферы ставяць "вялікую тлустую кропку" на газавых спрэчках паміж Масквой і Мінскам, заявіў журналістам паводле вынікаў пасяджэння ВДС міністр энергетыкі РФ Сяргей Шматко.

БелаПАН
Мінск, 25 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/362/10737
Текущая дата: 17.11.2024