Белорусский портал в Казахстане

МЗС пачуў "палітычны сыгнал" на ўступленьне Беларусі ва ЎГА



Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур`янаў заявіў, што перамоўны працэс аб далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі можа ўзнавіцца сёлета ў сьнежні альбо ў студзені 2012 году.

"Мы ўжо атрымалі праз палітычныя каналы інфармацыю пра тое, што для Беларусі ўжо не існуе палітычных перашкодаў для працягу перамоўнага працэсу па ЎГА"- заявіў Аляксандар Гур`янаў.

Намесьнік міністра сказаў дэпутатам, што такая пазыцыя ЗША і Эўразьвязу зьвязаная з тым, што Расея паскарае працэс уступленьня ва ЎГА.

Гур`янаў таксама паведаміў, што аднаўляе працу група, якая займаецца пытаньнем уступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. У яе ўваходзяць прадстаўнікі 37 краін на чале з Турцыяй.

4 лістапада Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ратыфікавала "Дамову аб функцыянаваньні Мытнага саюзу ў межах шматбаковай гандлёвай сыстэмы". Гэты дакумэнт дазваляе кожнай з трох краінаў — Расеі, Беларусі і Казахстану — далучацца да ЎГА самастойна.

"Мне падаецца, што афіцыйны Менск заўжды перабольшваў гэтыя бар`еры з боку Захаду, - мяркуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі. - Галоўная праблема не ў пазыцыі ЗША і Эўразьвязу. І ў далучэньні да ЎГА, і наагул у інтэграцыі ўва ўсясьветную супольнасьць, калі браць шырэй, на першы плян выходзяць палітычныя і эканамічныя забабоны беларускага кіраўніцтва.

Тут мала таго, каб амэрыканцы махнулі рукой і сказалі: уступайце. Мала і таго, каб Расея пацягнула за сабою, як паравоз. Тут неабходныя пэўныя крокі, якія павінна зрабіць толькі беларускае кіраўніцтва. Калі казаць коратка, то гэта шэраг рынкавых рэформаў".

Уладзімер Глод
Радыё Свабода
4 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/365/10366
Текущая дата: 16.11.2024