Праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу будзе экспартавацца сухое марожанае, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
На таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы ўводзіцца новая экспартна арыентаваная таварная пазіцыя — сухая сумесь для прыгатавання марожанага. Першая заяўка на продаж ад беларускага малакаперапрацоўчага прадпрыемства ўжо зарэгістравана ў гандлёвай сістэме БУТБ. Пакуль на рэалізацыю выстаўлена 500 упаковак сухога марожанага на ўмовах 100%-й перадаплаты з адгрузкай са склада завода-вытворцы. У якасці пераважнага рынку збыту пазначана Расійская Федэрацыя.
Як адзначылі ў прэс-службе БУТБ, пашырэнне наменклатуры малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт праз біржавую пляцоўку, абумоўлена актывізацыяй супрацоўніцтва з прадпрыемствамі малочнай галіны, якія разлічваюць з дапамогай біржавога канала продажу павялічыць аб’ёмы паставак сваёй прадукцыі за мяжу.
«Цяпер на экспартных біржавых таргах прадстаўлены ўсе самыя ліквідныя і запатрабаваныя за мяжой віды прадукцыі. Гэта, у прыватнасці, сухое абястлушчанае і натуральнае малако, згушчанае малако, сухія вяршкі і сыроватка, сметанковае масла, сычужныя сыры і тварог. У бягучым годзе гэта прадукцыя пераважна пастаўлялася ў Расійскую Федэрацыю, а таксама ў Кітай, дзе апошнім часам назіраецца рост попыту на беларускую малочку. Таму ўключэнне сухой сумесі для марожанага ў пералік біржавых тавараў можна лічыць лагічным працягам супрацоўніцтва біржы з малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі краіны», — адзначылі ў БУТБ.
Фармаванне пула патэнцыяльных пакупнікоў яшчэ толькі пачынаецца, а на экспартную гандлёвую сесію 23 снежня ўжо выстаўлена невялікая партыя сухога марожанага ад вытворцы з Брэсцкай вобласці.
«Зразумела, заключэнне здзелкі на пілотных таргах малаверагодна, паколькі прадаўцам і пакупнікам звычайна патрэбны некаторы час, каб прыгледзецца адзін да аднаго і абмяняцца сустрэчнымі прапановамі. Аднак нават у выпадку адсутнасці здзелак для беларускага прадпрыемства гэта дадатковая магчымасць прарэкламаваць свой тавар і выпрацаваць правільную цэнавую палітыку, якая адпавядае чаканням замежных пакупнікоў. Біржа са свайго боку забяспечыць усе неабходныя ўмовы», — падкрэслілі ў прэс-службе.
Рэалізацыя сухой сумесі для марожанага на экспарт арганізавана ў рамках адной гандлёвай сесіі з іншымі відамі малочнай прадукцыі. Гэтыя таргі праходзяць на БУТБ тры разы на тыдзень.
Звязда, 20 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/37/67544
Текущая дата: 27.12.2024