Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: "Газпром" можа ўзяць удзел у акцыянаванні беларускіх прадпрыемстваў



"Газпром" можа ўзяць удзел у куплі акцый не толькі "Белтрансгазу", але і іншых беларускіх прадпрыемстваў на ўмовах Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 верасня на сустрэчы ў Мінску са старшынёй праўлення ААТ "Газпром" Аляксеем Мілерам.

"Усе прывыклі гаварыць, што ў нас з "Газпромам" ёсць адна праблема — гэта цэны на будучыя пастаўкі прыроднага газу, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Але я ведаю, што вельмі даўно, яшчэ да вашага прыходу ў "Газпром", ішлі перамовы аб тым, што нам трэба пашырыць супрацоўніцтва з "Газпромам", і вызначаліся цікавыя праекты. Я схільны да таго, каб і іх абмеркаваць, паколькі мы з вамі ўжо вельмі даўно не сустракаліся, а праектаў можа быць дастаткова для абмеркавання".

Як падкрэсліў Лукашэнка, "праектаў нямала". "У тым ліку я абсалютна не выключаю, гэта адно з пытанняў — акцыянаванне і купля акцый "Белтрансгазу", магчыма, і іншых прадпрыемстваў, якія будуць цікавіць "Газпром", і калі "Газпром" будзе згодны на тыя ўмовы, якія сёння прапануюцца ў Беларусі. Ёсць цэлы пакет пытанняў, якія мы гатовы разглядаць", — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні падчас сустрэчы Мілера з беларускім прэм`ерам Міхаілам Мясніковічам былі дасягнуты прынцыповыя дамоўленасці па прасоўванні наперад ва ўзаемных перамовах. "Я таксама хацеў бы пачуць пра гэтыя зрухі. Гэта для нас вельмі важна", — адзначыў прэзідэнт.

Гаворачы пра цану на прыродны газ, што пастаўляецца ў Беларусь, Лукашэнка сказаў кіраўніку "Газпрома": "Ведаю, што вы палітыкай не займаецеся, але тым не менш заўсёды гэта пытанне становіцца палітычным, калі мы адкладваем на доўгі час вырашэнне пытанняў з "Газпромам". Хацелася б, каб мы аператыўна вырашалі гэтыя пытанні".

Ён таксама адзначыў, што гэтыя праблемы абмяркоўваліся як з прэм`ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным, так і з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы. "Я вельмі задаволены быў гэтай сустрэчай, і думаю, што ў гэтым ключы мы можам прадоўжыць нашу працу", — сказаў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу Мілер на сустрэчы заявіў: "У апошнія месяцы перамовы ішлі вельмі паспяхова, і я ведаю, што яны ідуць пад вашым непасрэдным кантролем. Мы сёння ўжо рэальна выходзім на гатоўнасць сур`ёзнага пакета дакументаў. Гэта і новы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь з 1 студзеня 2012 года, падмацаваны міжурадавым пагадненнем аб прынцыпах цэнаўтварэння і тарыфаўтварэння. Гэта і міжурадавае пагадненне, і дагавор куплі-продажу 50% акцый "Белтрансгазу".

БелаПАН
Мінск, 23 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/374/9415
Текущая дата: 16.11.2024