Белорусский портал в Казахстане

ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да чатырох беларускіх прадпрыемстваў



Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (УКЗА) Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да беларускіх акцыянерных таварыстваў "Нафтан", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно" і "Белшына".

"У выніку прынятай сёння меры грамадзянам ЗША забараняецца ўдзельнічаць у камерцыйных або фінансавых здзелках з гэтымі кампаніямі, і любыя іх магчымыя актывы пад юрысдыкцыяй ЗША замарожваюцца", — сказана ў паведамленні, апублікаваным на сайце Мінфіна.

Адзначаецца, што ўсе чатыры прадпрыемствы кантралююцца канцэрнам "Белнафтахім". УКЗА ўпершыню ўвяло санкцыі ў дачыненні да гэтага падкантрольнага Аляксандру Лукашэнку канцэрна ў мэтах выканання пастановы амерыканскага ўрада ў лістападзе 2007 года, нагадвае Мінфін. Тады пастанова тычылася асоб і прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у падрыве дэмакратычных працэсаў або інстытутаў у Беларусі, у парушэнні правоў чалавека, звязаным з палітычнымі рэпрэсіямі, або ўцягнутых у карупцыю, паведамляе сайт.

Як перадавался раней, у верасні 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно", якія ўваходзяць у склад дзяржканцэрна "Белнафтахім". Дзеянне гэтага рашэння неаднаразова прадаўжалася, апошнім разам — 30 лістапада 2010 года. Гэта рашэнне, якое дае амерыканскім грамадзянам і кампаніям магчымасць супрацоўнічаць з названымі прадпрыемствамі, павінна было дзейнічаць да 31 мая 2011 года.

31 студзеня Дзярждэпартамент ЗША аб`явіў аб пашырэнні візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і аднаўленні санкцый ў дачыненні да ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". Гэта стала рэакцыяй на разгон дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня і арышты яе ўдзельнікаў.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 11 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/381/8572
Текущая дата: 27.12.2024