Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны крэдытны рэйтынг Беларусі апусціўся яшчэ ніжэй



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Moody`s Investors Service» паменшыла рэйтынг бондаў ураду Беларусі ў мясцовай і замежнай валюце з В2 да В3.

Прагноз па рэйтынгах выстаўлены як «негатыўны». Сітуацыя з банкаўскімі валютнымі дэпазітамі выглядае яшчэ горш – рэйтынг зменшыўся з В3 да Саа1. Гэта значыць, што рызыка вяртання ўкладаў – за дзве прыступкі ад найніжэйшага магчымага ўзроўню.

У сваім паведамленні агенцтва пералічвае асноўныя прычыны зніжэння рэйтынгу. Сярод іх называецца няздольнасць краіны выправіць адмоўнае сальда гандлёвага балансу, а таксама негатыўны ўплыў валютнага дэфіцыту і дэвальвацыі беларускага рубля на стан банкаўскай сістэмы.

У «Moody`s» мяркуюць, што адною з асноўных перадумоваў да зніжэння рэйтынгаў было скарачэнне падтрымання з боку Расеі. Прычым нават дапамога памерам 3 млрд даляраў, абяцаная ЕўрАзЭС цягам трох гадоў, не зможа выправіць сітуацыю.

Эканамічны аглядальнік Ягор Марціновіч мяркуе, што ўлады Беларусі прымуць да ўвагі міжнародную ацэнку, але ніякіх зменаў эканамічнага курсу ад іх чакаць не варта. «Падзенне рэйтынгу – чарговы сігнал, але не больш за тое. У любым выпадку Беларусь не збіралася размяшчаць дадатковыя бонды да канца года, бо іх стаўка была б занадта высокая, а таму нявыгадная. Больш за тое, адмянілі нават запланаванае размяшчэнне бондаў «Беларусбанку».

23 ліпеня 2011
belsat.eu 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/384/8160
Текущая дата: 26.12.2024