Белорусский портал в Казахстане

Неабдуманыя санкцыі ў адносінах да Беларусі штурхнуць яе ў абдымкі Расіі і настрояць беларусаў супраць Захаду, мяркуе прэзідэнт Літвы



"Любыя неабдуманыя санкцыі супраць дзяржавы, супраць людзей Беларусі прывядуць толькі да аднаго — увесь беларускі народ адвернецца ад Захаду і апынецца ў абдымках іншай суседняй краіны, стане залежным ад фінансавання іншай краіны і будзе вымушаны за бесцань прадаць сваю эканоміку" — такую заяву зрабіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на прэс-канферэнцыі 12 ліпеня.

"Ці хочам мы такога для нашых суседзяў — каб іх эканоміка была разбураная і каб краіна стала поўнасцю залежнай ад іншай дзяржавы? Ці хочам мы гэтага?" — сказала Грыбаўскайтэ.

Яна падкрэсліла, што Літва заўсёды падтрымлівала санкцыі ў адносінах да рэжыму, "як палітычныя, гэтак і візавыя і эканамічныя", але "трэба аддзяляць рэжым ад беларускага народа і дзяржавы Беларусь".

"Нідзе ў свеце гэтыя [эканамічныя] санкцыі не далі станоўчых вынікаў. І наш вопыт у пачатку 1990 года, калі Расія прымяніла эканамічныя санкцыі, асабліва ў сферы энергетыкі, даў зваротны вынік", — заявіла Грыбаўскайтэ.

Прэзідэнт зазначыла, што Літва заклікае Мінск вызваліць палітычных зняволеных: "Літва, як і ўся Еўропа, за тое, што палітычных зняволеных не павінна быць ва ўсёй Еўропе, таксама і ў Беларусі. Усе палітычныя зняволеныя або пратэстуючыя павінны быць вызваленыя".

БелаПАН
Мінск, 13 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/385/7902
Текущая дата: 16.11.2024