Белорусский портал в Казахстане

"Міжнародная амністыя" заклікае Польшчу, будучага старшыню ЕС, аказаць націск на Беларусь



Напярэдадні старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" апублікавала шэраг рэкамендацый для гэтай краіны.

У прыватнасці, праваабаронцы заклікалі польскі ўрад аказаць націск на Беларусь, каб тая "вызваліла ўсіх сваіх вязняў сумлення і адмяніла смяротную кару", паведамляе сайт арганізацыі. "Міжнародная амністыя" называе Беларусь "апошнім катам у Еўропе".

"Праваабарончая праца заўсёды тычыцца рэальных людзей, — адзначае дырэктар "Міжнароднай амністыі" ў Польшчы Драгінія Надаждзін. — ЕС павінен актыўна дапамагаць асобным беларускім вязням сумлення, такім як Дзмітрый Дашкевіч і Андрэй Пачобут, і дэманстраваць прыхільнасць абароне правоў чалавека не толькі ў свеце, але таксама каля сваіх уласных межаў".

Паўгадавое старшынства ў Еўрасаюзе пяройдзе да Польшчы 1 ліпеня. Праз тры месяцы і ў самым канцы польскага старшынства "Міжнародная амністыя" плануе правесці яго ацэнку.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 18 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/392/7323
Текущая дата: 16.11.2024