Белорусский портал в Казахстане

Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі пройдзе 8 чэрвеня ў Мінску



Сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску 8 чэрвеня. Пытанне аб яе правядзенні ўзгоднена ўчора на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

На сесіі будзе разгледжана справаздача Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы па выкананні бюджэту за 2009 год. Гэты бюджэт выкарыстаны ў памеры 4,8 млрд расійскіх рублёў. Таксама будзе разгледжана пытанне аб развіцці нарматыўна-прававой базы Саюзнай дзяржавы ў галіне абароны, правапарадку і бяспекі. Дэпутаты лічаць, што наспела неабходнасць у распрацоўцы новай Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Ранейшая была распрацавана 12 гадоў таму, і ў святле сусветных змяненняў яна мае патрэбу ў карэкціроўцы. Новая Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы будзе распрацавана на падставе канцэпцый нацыянальнай бяспекі Беларусі і Расіі.

Яшчэ адно пытанне, якое плануецца разгледзець на Парламенцкім сходзе, — аб рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2010 года і Асноўных напрамках сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2015 года.

У плане рэалізацыі Канцэпцыі да 2010 года шмат зроблена, у першую чаргу па ўраўноўванні правоў грамадзян Беларусі і Расіі, правоў на свабоду перамяшчэння, выбар месца жыхарства, месца знаходжання, вырашаны пытанні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, пенсійнага забеспячэння, вырашаюцца пытанні ў галіне культуры, спорту, турызму. З мэтай замацавання і ўдасканалення дасягнутага распрацавана Канцэпцыя сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2015 года.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны таксама аб ходзе восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, сур`ёзная ўвага ўдзяляецца пытанням фарміравання Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы. Палата прадстаўнікоў ратыфікавала практычна ўсе дакументы, якія фарміруюць дагаворна-прававую базу Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

Да другога чытання рыхтуецца Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Прэзідэнт даручыў звярнуць увагу на пытанні рэалізацыі Дырэктывы № 4. Цяпер сумесна з урадам вядзецца работа над законапраектамі па рэалізацыі Дырэктывы № 4 па стымуляванні прадпрымальніцтва. У прыватнасці, неабходна разгледзець амаль 22 законапраекты, у некаторыя з іх унесці змяненні і дапаўненні, распрацаваць новыя, напрыклад аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, процідзеянні манапалістычнай дзейнасці.

Таксама на сустрэчы абмеркаваны шэраг іншых пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Звязда
18 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/398/6566
Текущая дата: 15.11.2024