Белорусский портал в Казахстане

«Дзяржава не дазволіла нанесці ўрон дабрабыту грамадзян ва ўмовах санкцый»



Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час інфармавання прадстаўнікоў сілавога блока па пытаннях ваенна-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі.

«Мы жывём у санкцыях даўно. Гэта датычылася асобных прадпрыемстваў, некаторых сектараў эканомікі (нафтахімічнага). У цэлым краіна гэтага не заўважала. Пачынаючы з канца 2021 года Беларусь жыве ва ўмовах масіраванага эканамічнага націску. Істотныя абмежаванні зведалі авіяцыйная, калійная, нафтаперапрацоўчая, дрэваперапрацоўчая галіны, асобныя прадпрыемствы. Па сутнасці, пад удар трапілі асноўныя флагманы нашай эканомікі, ад работы якіх залежаць функцыянаванне ўсіх сумежных галін і ланцужкі прадпрыемстваў, якія працуюць у кааперацыі», — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у самым пачатку 2022 года была ажыццёўлена самая магутная за ўсю гісторыю санкцыйнага ўздзеяння атака.

«Санкцыі, якія прыменены да Беларусі, а таксама да Расійскай Федэрацыі, беспрэцэдэнтнага маштабу. Канчатковая задума Захаду відавочная: нанесці ўрон дабрабыту людзей, пагоршыць іх узровень жыцця, выклікаць нездавальненне і сацыяльную напружанасць у грамадстве, паколькі санкцыйныя прадпрыемствы не змогуць прадаваць прадукцыю, плаціць зарплату, прэміі — забяспечваць той узровень жыцця, да якога прывыклі грамадзяне», — паведаміў кіраўнік урада.

Як адзначыў Раман Галоўчанка, аб’ём беларускага экспарту, які трапіў пад прамыя забароны, мог скласці каля $15-16 млрд. Гэта тое, што было прама забаронена. Плюс да гэтага, паводле розных ацэнак, $4-5 млрд — выпаўшы экспарт па Украіне.

«Такім чынам, з-за гэтых санкцый мы маглі б страціць каля $20 млрд. Гэта вельмі значная лічба для плацежнага балансу краіны. І непрыняцце належных мер аказала б сур’ёзнае ўздзеянне на эканоміку», — падкрэсліў ён.

Прэм’ер-міністр расказаў, што можна выдзеліць тры асноўныя каналы ўплыву санкцый.

«Першы — прамыя забароны на пастаўку тавараў, транспартоўку, транзіт, лагістычныя і фінансавыя рэстрыкцыі, якія звужаюць экспарт нават несанкцыйных тавараў. Другі — забарона імпарту з недружалюбных краін, тэхналогій і абсталявання, каб затармазіць наша тэхналагічнае развіццё. Трэці — спроба забяспечыць параліч фінансавай сістэмы. У прыватнасці, адключэнне банкаў ад сістэмы SWIFT, забарона аперацый з Нацбанкам, забарона прадастаўлення фінансавых рэсурсаў ураду Беларусі і дзяржаўным арганізацыям. Галоўны ўдар прыпаў на валаўтваральную галіну і вялікія прамысловыя прадпрыемствы. Праз прамысловасць санкцыі ўплываюць на спадарожныя сектары, асабліва аптовы гандаль, грузаперавозкі», — растлумачыў кіраўнік урада.

«Не скажу, што мы былі загадзя да гэтага гатовы, тым не менш пэўныя папераджальныя меры намі былі прыняты. Спробам разбурыць нашу краіну мы проціпаставілі сістэмную работу ў мабілізацыйным рэжыме», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Звязда, 7 кастрычніка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/40/66731
Текущая дата: 16.11.2024