Белорусский портал в Казахстане

Нацбанк не бачыць неабходнасці ў дадатковай гандлёвай сесіі на БВФБ



"Цяпер няма неабходнасці ўвядзення дадатковай сесіі на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", — гаворыцца ў апублікаваным 26 красавіка паведамленні Нацыянальнага банка.

"Адкрыццё альтэрнатыўных адносна асноўнай сесіі таргоў патрабуе выканання значнай падрыхтоўчай работы тэхнічнага характару, а таксама стварэння ўсіх умоў, неабходных для ўстойлівага і эфектыўнага функцыянавання дадатковай сесіі", — адзначаецца ў паведамленні.

Урадам і Нацыянальным банкам "прымаюцца меры ў галіне макраэканамічнай, бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі". Яны праводзяцца "поруч з мерамі па лібералізацыі ўмоў правядзення валютных аперацый паміж банкамі і суб`ектамі гаспадарання на пазабіржавым рынку і аказваюць пазітыўнае ўздзеянне на функцыянаванне ўнутранага валютнага рынку ў цэлым".

"Адначасова з павелічэннем аб`ёмаў прыцягнення знешніх інвестыцый будуць прымацца ўсе неабходныя меры па замацаванні станоўчых змяненняў у знешнім гандлі таварамі і паслугамі", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

"Удасканальванне функцыянавання ўнутранага валютнага рынку будзе працягвацца і надалей па меры стварэння з боку эканомікі неабходных умоў для падтрымання абменнага курсу беларускага рубля паблізу яго раўнаважнага ўзроўню", — інфармуе Нацбанк.

Пра планы ўрада і Нацбанка ўвесці на біржы дадатковую сесію паведаміў 19 красавіка першы намеснік старшыні праўлення галоўнага банка краіны Мікалай Лузгін. Ён нагадаў, што такая практыка была ў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў. "На біржы на аснове попыту і прапановы будзе ўстанаўлівацца курс пры свабоднай куплі і продажы валюты пры паралельным захаванні першых, асноўных, таргоў, на якіх ажыццяўляецца продаж валюты на мэты крытычнага імпарту", — патлумачыў Лузгін.

Аднак у канцы мінулага тыдня з`явілася інфармацыя, што фінансавыя ўлады Беларусі не вызначыліся з тэрмінамі і мэтазгоднасцю ўвядзення дадатковых таргоў валютай.

Між тым Цэнтрабанк Расіі выступае за большую гнуткасць курсу беларускага рубля. Аб гэтым заявіў журналістам 25 красавіка першы намеснік старшыні Банка РФ Аляксей Улюкаеў. "Мы хацелі б бачыць большую гнуткасць курсу", — сказаў ён. Пры гэтым, паводле слоў Улюкаева, гаворка ідзе і пра абменны курс для насельніцтва.

26 красавіка курс долара на таргах БВФБ быў зніжаны з 3.048 да 3.045 рублёў. У камерцыйных банках курс продажу не перавышае 3.109 рублёў з-за дырэктыўнага вузкага калідора ваганняў у памеры +/-2% ад афіцыйнага. Індыкатыўныя каціроўкі "чорнага" рынку наяўнай валюты — ад 3.500 да 4.500 рублёў. На пазабіржавым рынку курс долара дасягнуў адзнакі 5.400.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 26 красавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/402/6145
Текущая дата: 25.12.2024