Белорусский портал в Казахстане

Еўранест пачне працаваць без Беларусі



Канферэнцыя старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента прыняла рашэнне аб скліканні першага пасяджэння Еўранеста без беларускай дэлегацыі.

"Спадзяюся, гэта толькі пераходны стан, а не канчатковае рашэнне. Парламентарыі з Беларусі вітаюцца, але толькі калі свабодныя выбары, прызнаныя ўсім светам, стануць рэальнасцю.

Мы павінны ўбачыць там дэмакратычны працэс", — пракаментаваў гэтае рашэнне старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек, словы якога прыводзіць Польскае агенцтва друку (PAP).

Раней меркавалася, што ў працы Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (Еўранест) возьмуць удзел 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (у асноўным парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. У адносінах да апошняй разглядаліся розныя варыянты: запрашэнне выключна апазіцыі або апазіцыі і пяці прадстаўнікоў парламента. Аднак гэтыя ідэі не знайшлі разумення ні ў афіцыйнага  Мінска, ні ў шэрагу краін — суседзяў ЕС. У сувязі з рознагалоссямі дагэтуль не адбылося ніводнага пасяджэння Еўранеста.

10 лютага пастанова пачаць працу Еўранеста без прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента Беларусі была прынята ў Еўрапарламенце аднагалосна.

Разам з тым Еўрапарламент памятае пра беларускую апазіцыю і працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, заявіў Бузек.

Пасяджэнне Еўранеста можа адбыцца ў сакавіку.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 10 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/409/4376
Текущая дата: 15.11.2024