Белорусский портал в Казахстане

Няма адзінства ў адзінай Еўропе



Шведскі гісторык Гунар Ветэрберг адносна нядаўна выклікаў буру эмоцый у грамадстве. У дзень адкрыцця чарговага пасяджэння Паўночнага савета (арганізацыя, якая аб`ядноўвае парламентарыяў Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі) прапанаваў, каб пяць "нардычных", г. зн. паўночных, дзяржаў стварылі свой саюз.

Прычым, на ўзор Кальмарскай уніі, якая праіснавала з 1397 па 1523 год, была створана ў процівагу нямецкай эканамічнай і палітычнай экспансіі ў Скандынавіі ў ХІV стагоддзі і знаходзілася пад вярхоўнай уладай дацкіх каралёў. У ХVІІ стагоддзі кароль Швецыі Карл Х Густаў марыў адрадзіць унію, але ў яго гэтага не атрымалася. І вось новы прыліў настальгіі, выкліканы публікацыяй Гунара Ветэрберга, які прапаноўвае на ўзор Кальмарскай уніі аб`яднацца ў супердзяржаву пяці скандынаўскім краінам пад скіпетрам дацкай каралевы Маргарыты ІІ.

Аб`яднаныя паўночныя дзяржавы налічвалі б 25 млн грамадзян, а іх ВУП складаў бы каля аднаго трыльёна долараў. Адносна тэрыторыі (1258 тыс.кв.км), аб`яднаная Скандынавія належала б да галаўной еўрапейскай групы, а калі ўлічыць яшчэ і Грэнландыю, то ў яе не было б канкурэнтаў. Такім чынам, калі б дайшло да аб`яднання, яна стала б дзясятай эканамічна магутнай дзяржавай свету пасля Канады і Іспаніі, але наперадзе Расіі і Бразіліі, і пятай або шостай у Еўрапейскім саюзе. Прыхільнікі гэтай ідэі лічаць, што асабліва карысную аддачу, якая заключаецца ва ўзаемадапамозе, аб`яднанне магло б прынесці ў эпоху фінансавага крызісу. Сёння ж кожная краіна вымушана спраўляцца з ім у адзіночку. Напрыклад, пад пагрозай знаходзіцца аўтамабільная прамысловасць Швецыі. Эканоміка ж Фінляндыі пацярпела яшчэ раней, пасля распаду Савецкага Саюза.

Але гэта не ўсё. Ёсць і палітычныя спакусы. На думку асобных гісторыкаў, аб`яднаная пяцёрка мела б мацнейшую пазіцыю ў міжнародных перамовах, бо паасобку кожная краіна можа дамагчыся няшмат. Палітыкам з гэтых скандынаўскіх дзяржаў лягчэй таксама было б заваёўваць ключавыя пазіцыі ва ўстановах Еўрасаюза.

Новая унія вяла б агульную міжнародную і абарончую палітыку. Усе школьнікі, пачынаючы з першага класа, павінны былі б, акрамя роднай, вывучаць яшчэ адну мову паўночных краін. На думку таго ж Ветэрберга, унія магла б нават служыць прыкладам для ЕС. Ці спадабалася вылучаная гісторыкам ідэя жыхарам Даніі і астатніх чатырох дзяржаў Скандынавіі? Апярэджваючы скептыкаў, гісторык мяркуе, што скандынаўскія манархі маглі б кіраваць уніяй па прынцыпе ратацыі. Праўда, большасць каментатараў рэагуюць на ідэю шведскага гісторыка з усмешкай, хоць ёсць і прыхільнікі.

Міжнародныя аналітыкі адзначаюць, што тэндэнцыі да стварэння падобных уній маюць месца і ў іншых рэгіёнах Еўропы. Напрыклад, на поўдні. Як вынікае з аднаго апытання, стварэнне Іберыйскай уніі падтрымлівае 40 % партугальцаў і 30 % іспанцаў.

— Стварэнне федэрацыі з Іспаніяй было б для нас выхадам з ценю, адкрытасцю на Еўропу, на Міжземнае мора, на Францыю, — кажа Джао Герэйра, палітолаг Лісабонскага ўніверсітэта.

На Балканах ёсць людзі, якія сумуюць па ранейшай Югаславіі. Настальгуюць нават славенцы, якія першымі з яе былых рэспублік увайшлі ў ЕС і НАТО і перайшлі на еўра. Аднак, на думку экспертаў, гэта хутчэй настальгія па эканамічна залатых 70-х і 80-х гадах, чым па Югаславіі ў ранейшых межах. Падобныя сантыменты засталіся таксама ў Чэхіі і Славакіі. Большасць чэхаў і славакаў аддавалі перавагу федэрацыі, але палітыкі вырашылі інакш.

Але вернемся да Паўночнай уніі. Вось два меркаванні аўтарытэтных экспертаў:

Стэфан Олафсан, сацыёлаг універсітэта ў Рэйк`явіку.

— Калі б паўночныя дзяржавы больш цесна супрацоўнічалі паміж сабою, іх голас у свеце, напэўна, быў бы лепш чутным і мы ўяўлялі б сабою вялікую сілу. Бо нас аб`ядноўвае падобная культура, грамадства, а таксама мадэль дзяржавы. Магчыма, калі б паўстала Паўночная унія, нам удалося б захаваць паўночную валюту замест еўра. Была б таксама вялікая эканомія ў выдатках на ўтрыманне манархій у асобных краінах. Я за больш цеснае супрацоўніцтва нашых краін, але баюся, што адраджэнне Кальмарскай уніі — справа нерэальная. Усе паўночныя народы вельмі моцна прывязаныя да сваёй незалежнасці. Я, ведаючы ісландцаў, перакананы, што яны сказалі б "не". Таму што для іх найбольш важны суверэнітэт.

Ганс Маўрытц, палітолаг з дацкага інстытута міжнародных даследаванняў.

— Я не веру ў такую унію. Гэта цалкам нерэальная ідэя. Паўночныя краіны занадта шмат што сёння падзяляе, каб утварэнне федэрацыі пяці дзяржаў магло ажыццявіцца. Гэта таксама, як з балтыйскімі дзяржавамі. З далёкай перспектывы падаецца, што яны ўсе такія ж, і ўсё звальваюць у адзін мех. Але ніякі эстонец або літовец не скажа, што ён родам з балтыйскіх дзяржаў. Таксама і з намі. У выпадку паўночных дзяржаў не апраўдалася б ні агульная міжнародная палітыка, ні абаронная, таму што частка з іх належыць да ЕС, а частка — не. Некаторыя, як Данія, блізка звязаны з ЗША, іншыя — не. Я сумняваюся таксама, што Паўночная унія магла стаць эканамічна магутным згуртаваннем. Тут таксама існуе канфлікт інтарэсаў. Досыць зірнуць на рыбалоўства. Не для ўсіх дзяржаў яно з`яўляецца найважнейшай галіной эканомікі. А што з манархіяй? Што сказалі б, напрыклад, шведы, калі б імі стала кіраваць дацкая каралева? Я цалкам сабе гэтага не ўяўляю.

Падрыхтаваў Міхаіл Бацян.
Звязда 5 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/411/4248
Текущая дата: 24.12.2024