Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка беларускіх тавараў і паслуг "Беларусь Экспа" адкрылася ў Грозным



У Грозным адкрылася выстаўка беларускіх тавараў і паслуг "Беларусь Экспа", паведамілі ў прэс-службе "Белінтэрэкспа" БелГПП.

У Грозным (Расія) з 28 па 30 ліпеня праходзіць маштабная выстаўка беларускіх тавараў і паслуг "Беларусь Экспа". У мерапрыемстве прымаюць удзел 29 прамысловых прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць найбольш запатрабаваную для рэгіёна найноўшую прадукцыю. Да выстаўкі прымеркаваны афіцыйны візіт у Чачэнскую Рэспубліку прадстаўнічай бізнес-дэлегацыі з Беларусі: кіраўнікоў профільных міністэрстваў і ведамстваў, дырэктараў буйных кампаній.

У цырымоніі адкрыцця выстаўкі прынялі ўдзел намеснік старшыні ўрада Чачэнскай Рэспублікі Хасан Хакімаў, міністр прамысловасці і энергетыкі Чачэнскай Рэспублікі Адам Хакімаў, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый Пантус, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрый Харытончык і намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Мялешкін.

У ходзе работы выстаўкі падпісана дарожная карта паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам па супрацоўніцтве ў сферы прамысловасці, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Экспазіцыя Беларусі на выстаўцы ўключае дзве групы прадукцыі: першая прадстаўлена прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці, другая - прадпрыемствамі канцэрна "Беллегпрам". Сярод найноўшай прадукцыі - гарадскі электробус Е321 ("Белкамунмаш"), трактар Беларус 1222.3 і іншыя мадэлі трактароў (МТЗ), аўтамабіль-офіс і 32-тонны аўтакран (МАЗ), удасканаленыя корма- і збожжаўборачныя камбайны ("Гомсельмаш"), сучасныя сеялкі і касілкі ("Лідсельмаш"). Мясцовым спажыўцам таксама прапануецца шырокая лінейка прадукцыі лёгкай прамысловасці: адзенне (спартыўнае, дзелавое, штодзённае, спецыяльнае), абутак, сумкі і рукзакі, аксесуары, дамашні тэкстыль, вырабы з фарфору і інш.

Арганізатар выстаўкі - Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, выставачны аператар - выставачнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Выстаўка праходзіць пры падтрымцы і актыўным удзеле аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне.

28 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/45/65953
Текущая дата: 16.11.2024