Белорусский портал в Казахстане

Якога-небудзь урону для беларускай эканомікі ад спынення транзіту калію праз тэрыторыю Літвы не будзе



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час рабочага візіту ў Гродна.

Калійныя ўгнаенні - адна са значных экспартных пазіцый Беларусі. Наша краіна - адзін з сусветных лідараў па вытворчасці і пастаўках на рынкі ўгнаенняў: 20 працэнтаў - наша доля. Арыенціровачна, на сусветным рынку мы маем $2,5-3 млрд. Беларусь разлічвае, што гэтыя лічбы будуць захаваны і нарошчаны ў бягучым годзе, таму што рост цэн на калійныя ўгнаенні прадаўжаецца. У тым ліку і за кошт інфармацыйнага ажыятажу вакол перакрыцця транзіту. Праз Літву калій не адпраўляецца, пачынаючы з 1 лютага.

"Мы вымушана пайшлі на крок у адказ па абмежаванні на чыгуначныя перавозкі ўгнаенняў і нафтапрадуктаў з Літоўскай Рэспублікі праз нашу тэрыторыю. Гэты крок для таго, каб не пакінуць без адказу агрэсіўныя і недружалюбныя паводзіны літоўскіх партнёраў, якія праяўляюцца не толькі ў гэтым пытанні", - дадаў Раман Галоўчанка.

"Тым не менш мы рабілі цывілізаваныя спробы вырашыць пытанне ў рамках прававых механізмаў. У нас ёсць міжурадавы дакумент, які, на нашу думку, літоўскі бок парушыў. Таму мы напярэдадні прапанавалі літоўскаму боку правесці перагаворы. Але сігнал не быў успрыняты", - адзначыў прэм`ер-міністр.

Беларусь рэалізуе стратэгію рэлакацыі таварных патокаў у партах дружалюбных дзяржаў. Што датычыцца Украіны, то перавозкі ажыццяўляюцца як і раней. Больш таго, украінскі бок падае сігнал аб зацікаўленасці ў нарошчванні магутнасцей. Таму там, дзе гэта зручна і выгадна, мы будзем гэта рабіць.

"Што датычыцца Расійскай Федэрацыі, то гэта стратэгічны напрамак. Мы знаходзімся ў цесным кантакце з калегамі. Яны займаюць па-сапраўднаму саюзніцкую пазіцыю, ідуць насустрач у розных пытаннях, у тым ліку камерцыйнага характару. Паводле нашых разлікаў, не будзе нейкага ўрону для беларускай эканомікі ад спынення транзіту праз тэрыторыю Літвы", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

17 лютага 2022, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/59/63514
Текущая дата: 17.11.2024