Белорусский портал в Казахстане

Эканоміка адчувае сябе ўпэўнена, прадаўжаецца рост попыту на беларускую прадукцыю



Аб гэтым у час наведвання ААТ "Гродна Азот" заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка.

"Мы адчуваем сябе ўпэўнена. Той жа "Гродна Азот" у мінулым годзе атрымаў рэкордную экспартную выручку, гэтак жа спрацавала большасць беларускіх прадпрыемстваў, якія з`яўляюцца буйнымі вытворцамі. Драйвер, які апрацоўчая прамысловасць набыла ў мінулым годзе, яна захавала і першыя два месяцы года. У студзені ВУП сфармаваўся вышэйшы за прагноз. Прадаўжаецца рост попыту на беларускую прадукцыю. Таму экспартная кан`юнктура таксама выгадна працуе для нашых прадпрыемстваў", - падкрэсліў у размове з журналістамі Раман Галоўчанка.

Як было адзначана, інфляцыя застаецца адной з галоўных эканамічных праблем не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Яна б`е рэкорды па ўсім свеце.

"Калі адкрытая эканоміка Беларусі церпіць ад сусветнага росту цэн, урад прымае пэўныя меры разам з Нацбанкам, каб утрымліваць інфляцыю, асабліва на спажывецкім рынку. Таму прыняты жорсткія рашэнні, да якіх мы раней не звярталіся. У тым ліку па абмежаванні цэн на папулярныя прадукты плодаагародніннай групы. На шэраг пазіцый мы зафіксавалі гранічныя цэны вытворцаў і цэны на прылаўках. Усё робіцца на аснове эканамічных разлікаў: былі ўлічаны абгрунтаваная рэнтабельнасць вытворцаў, затраты на вытворчасць і захоўванне прадукцыі. Крыху зрэзалі маржынальнасць, каб яна не перакладалася на кашалькі спажыўца", - адзначыў прэм`ер-міністр.

Гэтыя меры будуць дзейнічаць, пакуль не стабілізуецца сітуацыя, якая цяпер характарызуецца вельмі жорсткім дысбалансам. Таму ўсе краіны ЕАЭС спрабуюць шукаць розныя інструменты для таго, каб утрымаць рост цэн пад кантролем.

"Праблема ёсць, але мы не бачым яе сур`ёзнай для нас. Мы чакаем, што да сярэдзіны 2022 года рост цэн істотна запаволіцца", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

17 лютага 2022, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/59/63516
Текущая дата: 17.11.2024