Белорусский портал в Казахстане

Забарона на транзіт угнаенняў "Беларуськалія" праз Літву нанясе значныя страты не толькі Клайпедскаму порту, але і тым прадпрыемствам, якія працуюць у порце і ўзаемадзейнічаюць з беларускімі таварамі



Аб гэтым заявіў кіраўнік Клайпедскага порта Альгіс Латакас, паведамляе Baltnews.

"Грузапаток беларускіх угнаенняў займае галоўную частку транзітных грузаў у Клайпедскім порце, таму са стратай гэтага таварапатоку ўрон сапраўды панясём як мы, так і дзяржаўнае прадпрыемства, так і працуючыя ў порце прадпрыемствы, у якіх ёсць грузы з Беларусі. Негатыўны ўплыў будзе вялікім, а кампенсаваць такі паток хутка не атрымаецца", - сказаў Альгіс Латакас.

Паводле слоў аднаго з кіраўнікоў тэрмінала навалачных грузаў у Клайпедзе Ігара Удавіцкага, Літва рызыкуе страціць да аднаго мільярда еўра. Ён раскрытыкаваў аптымістычныя прагнозы палітыкаў і экспертаў, якія сцвярджаюць, што груз "Беларуськалія" можна замяніць іншым транзітам, і дадаў, што альтэрнатывы беларускаму калію няма.

"Страта кантракта з "Беларуськаліем", калі яна здарыцца, прывядзе да агульнага ўрону больш за 1 млрд еўра. Тут усё проста - кантракт з "Беларуськаліем" бестэрміновы і абмежаваны па часе толькі працягласцю дагавора арэнды тэрыторыі ў порце. Адзін мільён тон кожны месяц, і так да 2066 года - лічыце самі", - напісаў Ігар Удавіцкі ў Facebook.

У такім жа ключы выказаўся кіраўнік Асацыяцыі марскіх пагрузачных кампаній Літвы Вайдотас Шылейка. Ён адзначыў, што Клайпедскі порт быў лідарам па перавалцы грузаў у краінах Балтыі і ўваходзіў у топ-5 самых рэзультатыўных партоў Балтыйскага басейна. Адмена транзіту беларускіх угнаенняў падарве пазіцыі порта, паколькі на прыцягненне таварапатокаў ідуць гады і дзесяцігоддзі.

"Са спыненнем перавалкі прадукцыі "Беларуськалія" порт пазбавіцца каля 10 млн т грузаў у год. Такая страта, без усялякіх сумненняў, нанясе моцны ўдар па ўсім Клайпедскім порце і працуючых на яго тэрыторыі прадпрыемствах. Са стратай такой значнай колькасці грузаў партовым кампаніям спатрэбіцца не адзін год для таго, каб пераарыентаваць сваю дзейнасць, бо для страчаных грузаў альтэрнатыў на гэты момант няма", - паведамілі ў асацыяцыі літоўскім СМІ.

Пасля таго, як 8 снежня ўвайшлі ў дзеянне санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія", улады Літвы стараліся як мага хутчэй спыніць транзіт беларускіх угнаенняў праз сваю краіну, а таксама знайсці вінаватых у невыкананні рашэння ЗША. У свой час сітуацыя з транзітам выклікала сур`ёзны палітычны крызіс у краіне. Міністр замежных спраў і міністр транспарту падалі заяву аб адстаўцы, але прэм`ер-міністр Інгрыда Шымонітэ вырашыла не звяртацца да такіх мер.

У ноч на 13 студзеня кіраўнік Мінтранса Літвы паведаміў, што транзіт спыняць да 1 лютага. Ва ўрадзе і Сойме вырашылі, што лаяльнасць для заходніх партнёраў важнейшая за дабрабыт сваіх грамадзян, адзначае Baltnews.

17 студзеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/61/62865
Текущая дата: 17.11.2024