Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас наведвання прадпрыемства.
Па словах кіраўніка ўрада, па ўсіх асноўных аб’ектах практычна поўнасцю завершаны будаўніча-мантажныя працы — на 98-99%. Засталіся дробязі, якія прыбіраюцца па ходу. «Многія з элементаў комплексу апрабаваныя, ідуць выпрабаванні — гідравыпрабаванні, у інэртных асяроддзях. Гэта вельмі важная частка, каб у верасні выйсці на атрыманне гатовай прадукцыі — высакаякаснага бензіну і дызельнага паліва», — сказаў Раман Галоўчанка.
Рэалізацыя інвестпраекта дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90% з павелічэннем выхаду светлых нафтапрадуктаў да 65%, павысіць вытворчасць бензіну і дызельнага паліва, а таксама знізіць вытворчасць мазуту. Пасля ўводу комплексу «Нафтан» зможа цалкам забяспечыць патрэбу краіны ў дызельным паліве (да 3,4 млн тон) і бензіне (да 1 млн т). Кошт інвестпраекта перавысіў $ 1 млрд.
Інвестпраграма падыходзіць да завяршальнага этапу, пачаліся пусканаладачныя аперацыі. Прэм’ер-міністру сёння расказалі аб работах на устаноўках запаволенага каксавання (УЗК), «гідраачысткі-3» і ачысткі звадкаваных газаў УЗК ад меркаптанаў.
Гендырэктар «Нафтана» Андрэй Сойка распавёў, што на гэтых трох аб’ектах праведзена вялікая праца. Устаноўку ачысткі звадкаваных газаў плануюць запусціць у эксплуатацыю да канца чэрвеня, «гідраачысткі-3» — да канца лета. Трохі зрушыліся некаторыя працы з-за дажджлівага надвор’я — гэта непасрэдна ўплывала на нанясенне слаёў вогнеаховы і антыкаразійнай, а таксама афарбоўкі канструкцый і абсталявання. Першую прадукцыю ад новага комплексу плануецца атрымаць у верасні, дадаў кіраўнік прадпрыемства.
У 2020 годзе ААТ «Нафтан» перапрацаваў звыш 7 млн т нафты. Да 60% яго прадукцыі ідзе на экспарт больш чым у 40 краін свету.
Звязда, 5 чэрвеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/72/59627
Текущая дата: 17.11.2024