Белорусский портал в Казахстане

ВУП Беларусі за чэрвень вырас на 0.1%



За чэрвень валавы ўнутраны прадукт у Беларусі дэманструе рост на 0,1%. Пра гэта паведаміў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.

«Беларусь глыбока інтэгравана ў сусветную эканоміку, у міжнародныя кааперацыйныя сувязі. У нас адкрытая, экспартаарыентаваная эканоміка, таму сітуацыя з пандэміяй не магла на нас не адбіцца. Але зараз мы бачым, што рашэнні, якія прыняў Прэзідэнт і якія, дарэчы, крытыкаваліся пэўнымі, былі правільнымі. Мы згубілі ў ВУП нашмат меней, чым нашы суседзі — краіны з больш моцнымі эканомікамі», — растлумачыў журналістам Раман Галоўчанка.

Каб своечасова паспець да моманту адкрыцця закрытых рынкаў, Беларусь не спыняла вытворчасць. Дзесьці зніжаліся абароты праз разрыў вытворча-збытавых ланцужкоў, але сёння краіна дэманструе добрыя на фоне суседзяў паказчыкі: ВУП за паўгода склаўся на ўзроўні 98,3 працэнта, за чэрвень прырост склаў 0,1 працэнта. Кіраўнік урада прагназуе і далейшы рост.

«Пастараемся выйсці на тыя задачы, якія паставіў кіраўнік дзяржавы: мінімум — гэта захаваць леташні ўзровень. Гэта само па сабе складана (многія нашы суседзі загадзя прызналіся, што гэта немагчыма, і для сябе запланавалі лічбы падзення ад —10 да —6 працэнтаў). Але мы плануем прырасці», — удакладніў Раман Галоўчанка.

Звязда, 23 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/92/54776
Текущая дата: 18.11.2024