Белорусский портал в Казахстане

Трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7-га ліпеня на сустрэчы з актывам горада Мінска.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінск - гэта горад асаблівы, візітная картка краіны, палітычны, эканамічны, навуковы, культурны цэнтр дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у першыя гады яго прэзідэнцтва парадак пачалі наводзіць менавіта са сталіцы. "Па сутнасці, ёю толькі і займаліся ў першыя гады. Рэсурсы, сілы, якія былі тады, - усё сюды ўкладвалася", - сказаў беларускі лідар.

"Толькі апошнім часам мы кінулі погляд на рэгіёны. З`явілася такая магчымасць. Праграма развіцця апорных гарадоў, сельскіх паселішчаў, трылогія Года малой радзімы, аддаём доўг вёсцы, раёнам. Сёння там найбольшае адставанне, і трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што размова ідзе ў тым ліку аб развіцці так званых неперспектыўных вёсак і хутароў. Ён заклікаў, каб і гараджане імкнуліся набыць сабе ўчастак зямлі за горадам.

"Добра, каб у кожнага гараджаніна быў свой кавалак зямлі. Гэта мы будзем падтрымліваць актыўна у будучай пяцігодцы. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Пандэмія нас абразуміла і тая невялікая паніка, якая прайшлася па краіне, - адзначыў беларускі лідар. - І мы зразумелі, што, у каго ёсць невялікі ўчастак, дача, гэта было выратаванне для старых. Змаглі і самі выехаць на выхадныя, і вывезці туды дзяцей".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў сельскай мясцовасці ёсць вялікая колькасць свабодных участкаў. "Іх трэба перадаць ва ўласнасць нашым людзям за зусім сімвалічную цану. Такім чынам мы адродзім і неперспектыўныя вёсачкі, будзем развіваць малыя гарады, пасёлкі гарадскога тыпу, створым зручнасць для жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

7 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/93/54471
Текущая дата: 18.11.2024