Белорусский портал в Казахстане

"Біржавая яма" пачала работу на БУТБ



Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Сёння ў адкрытым пасля рамонту будынку Беларускай універсальнай таварнай біржы пачала работу так званая біржавая яма - спецыяльнае месца, дзе праводзяцца біржавыя таргі.

Там жа размясціліся электронныя тэрміналы біржавых маклераў - супрацоўнікаў БУТБ, упаўнаважаных сачыць за ходам таргоў, рэгуляваць іх працягласць і кантраляваць выкананне ўдзельнікамі правіл біржавога гандлю.

На думку старшыні праўлення БУТБ Аляксандра Асмалоўскага, "біржавая яма" - не проста рабочае месца біржавых маклераў, а сімвал адкрытасці, галоснасці і празрыстасці біржавых таргоў. "Калі раней біржавыя таргі праводзіліся ў асобных кабінетах за закрытымі дзвярамі, то сёння любы наведвальнік біржы можа паназіраць, як яны праходзяць, як ажыццяўляюцца здзелкі і наколькі прафесійна маклеры выконваюць свае абавязкі. Упэўнены, што ўзровень даверу да біржавой пляцоўкі як інструмента гандлю істотна ўзрасце", - сказаў ён.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе, галоўная функцыя якой - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і прадастаўленне дапамогі замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

1 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/94/54422
Текущая дата: 18.11.2024